Пошук

11.10.2013 14:20  

Дарагія браты і сёстры! Удзячнасць у нашым жыцці сведчыць не толькі аб тым, што мы людзі ветлівыя і культурныя. Быць удзячным — гэта ўменне ўсвядоміць дабро, якое я атрымліваю ад іншай асобы? і ў сувязі з гэтым узнікае мая канкрэтная пастава адносна гэтай асобы. І гэта будзе менавіта пастава ўдзячнасці. Свядомасць дабра, якое я атрымліваю ў сваім жыцці. Ці здольныя мы быць удзячнымі?

Жыццё, дадзенае Богам, ёсць дарам і дабром само па сабе. Для дзіцяці, якое яшчэ ва ўлонні сваёй маці, кожная пражытая хвіліна, увесь час гэтага прабывання ва ўлонні — з’яўляецца дарам. А як жа часта ў нашым жыцці гэты момант забываецца.

Потым нараджэнне, клопат пра гэтае народжанае дзіця, потым яго выхаванне ў сям’і — усё гэта сведчыць аб вялікім і грунтоўным укладзе бацькоў, аб іх старанні і клопаце пра сваё дзіця. Затым школа, навучальная ўстанова, дарослае жыццё-сям’я, і ланцужок паўтараецца.

Бачыце, колькі ўдзячнасці павінна быць адносна нашых бацькоў. Можа, зараз у жыцці яны з намі у чымсьці не згаджаюцца, можа, іх погляды адрозніваюцца ад нашых, а можа, мы яшчэ не дастаткова выраслі, каб зразумець нашых бацькоў, каб паставіць сябе на іх месца.

Бывае так, што пакуль чалавек стане дарослым, ён добра асвоіць майстэрства ўдзячнасці. А бывае і наадварот. Вырастае такі чалавек, і з вуснаў яго вельмі рэдка пачуеш слова «дзякуй». Калі яно і ёсць, то нейкае няшчырае ды фармальнае. І адназначна вінаватых у гэтым цяжка знайсці. Бывае, што прычынай гэтага становіцца кепскае асяроддзе: уплыў выхавання вуліцы, разбітыя або праблемныя сем’і, дрэннае самавыхаванне або наогул яго адсутнасць. Усё гэта і выклікае тое, што такі чалавек незнаёмы з паняццем спачування і ўдзячнасці.

Таксама, калі чалавек не ўсведамляе вартасці атрыманага дабра ў сваім жыцці, яму вельмі складана па-сапраўднаму быць удзячным. Такі чалавек імкнецца здабываць пэўныя даброты ў сваім жыцці, але не задумваецца, каб шчыра падзякаваць за іх Богу або чалавеку, толькі пастаянна імкнецца наперад у здабыванні нейкага дабра для сябе.

Удзячнасць, мае дарагія, не можа быць прымусовай, яна павінна выходзіць з сэрца. А як жа часта ў нашым жыцці месца ўдзячнасці займаюць прэтэнзіі, нараканні, скаргі, жаданне чагосьці за ўсялякі кошт, як быццам яно мне цалкам належыць. Замест звычайнага простага і шчырага слова «дзякуй» у нас атрымоўваецца неўмеркаванае жаданне, каб перад намі спыняліся, здымалі шапку і схілялі галовы. Шмат ёсць такіх, хто, заканчваючы школу, не разумее сэнсу ўдзячнасці, заканчвае навучальную ўстанову і няздольны сказаць іншым шчырае «дзякуй», а ў жыцці застаецца толькі мітусня ды прэтэнзіі… Атрымоўвае такі чалавек дабро, а пра падзяку забывае.

Ці не так адбылося сёння ва ўрыўку з Евангелля з дзесяццю пракажонымі, якія атрымалі ад Езуса ласку аздараўлення ад гэтай невылечнай хваробы, а пры гэтым забыліся падзякаваць? Толькі адзін з іх прыйшоў і, упаўшы да ног Езуса, шчыра выказаў сваю ўдзячнасць, праслаўляючы Бога! І то быў гэта чужаземец. Іншыя не дадумаліся. Або настолькі былі ўзрадаваны і ўсхваляваны сваім аздараўленнем, што забыліся сказаць звычайнае «дзякуй», а хутчэй пабеглі паказацца святарам, каб зноў вярнуцца і быць паўнацэннымі грамадзянамі, а не ізаляванымі пакутнікамі.

Людзі, якія хварэлі на праказу, былі ізаляваныя ад усяго грамадства і жылі ў спецыяльных паселішчах для пракажоных. Да іх нельга было не толькі дакранацца, але і сустракацца і размаўляць таксама было забаронена. Гэтыя людзі моцна пакутавалі,  і не толькі ад праказы, але і ад такога ладу жыцця, бо адчувалі сябе пакінутымі і непатрэбнымі. Можам сабе ўявіць, якія цяжкія гэта былі пакуты на целе і душы.

Дарагія, звярніце ўвагу: пасля таго як Езус аздаравіў дзесяць пракажоных і да Яго вярнуўся адзін з іх, Езус скіроўвае наступнае пытанне: “Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?” У гэтым пытанні можна ўбачыць глыбока схаваны боль Настаўніка з Назарэта адносна сваіх землякоў і суайчыннікаў, якія так і не асвоілі  майстэрства ўдзячнасці. Не навучыліся слову «дзякуй». І словы Езуса, якія заключаюцца ў гэтым пытанні, сведчаць аб тым, як важна ўмець быць удзячным у сваім жыцці Богу і людзям.

Калі мы ў нашай штодзённасці будзем кіравацца толькі нараканнем, нездаровай крытыкай, прэтэнзіямі, то далёка не даедзем. Недахоп удзячнасці зачыніць нашыя сэрцы, зробіць нас глухімі і недаступнымі для Божай ласкі, а таксама створыць бар’ер для іншага чалавека. Ды і ўвогуле я не ўпэўнены, што мы будзем прыемнымі іншым. Той, хто жыве выключна для сябе, не ўмее дзякаваць, але толькі чакае наступную порцыю дару ад іншых, якія яго акружаюць.

Мае дарагія! Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем, кожную нядзелю, а можа, і часцей, ёсць найвышэйшым дарам і падзякай для кожнага з нас. Менавіта праз Найсвяцейшы Сакрамэнт Бог нас вучыць быць удзячнымі. Бо калі спакойна прыгледзімся да нашага жыцця і сур’ёзна над ім паразважаем, сапраўды ёсць за што дзякаваць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.