1 чыт. 2 Вал 5, 14-17; Пс 98 (97), 1. 2-3ab. 3cd-4.
2 чыт. 2 Цім 2, 8-13.
Ев. Лк 17, 11-19.
Унутранае выздараўленне
Калі б мы жадалі ў некалькіх словах выказаць агульны вопыт чалавецтва ўсіх часоў і ўсіх краін, то маглі б вызначыць яго словамі: «Чалавек – гэта хворая істота». Чалавецтва пакутуе ад незлічонай колькасці хваробаў, церпіць фізічна і духоўна; хваробы ўражваюць цела і псіхіку пажылых людзей і дзяцей, мужчын і жанчын, добрых і злых людзей. Патрэба вылечыцца і гарачае жаданне быць здаровым вялі чалавецтва да пастаянных спробаў шукаць выздараўлення. Прыведзенае ў пачатку вызначэнне чалавека мы можам выразіць і словамі: «Чалавек – гэта істота, якая шукае выздараўлення».
Але хто можа нас вылечыць? Чалавецтва з незапамятных часоў шукала выздараўлення ў навуцы, якая была ў розныя часы на розным узроўні. Таму людзі пастаянна выклікалі дзеянне акультных, таямнічых сілаў праз пасрэдніцтва варажбы, забабонаў і іншых форм, якія выяўлялі патрэбу чалавецтва звяртацца да таямнічай і невызначальнай сілы, звязанай больш ці менш з нейкай рэлігіяй. Таксама ў Святым Пісанні вера ў Бога звязваецца з лячэннем чалавека. Вера і выздараўленне непадзельныя. Нас цікавіць пытанне: якім чынам чалавек прыходзіць да выздараўлення верай і які гэта від выздараўлення?
Аздараўленне Наамана
Іншаземец, сірыец, хворы на праказу і ідзе ў Ізраэль, да прарока Елісея, каб той яго аздаравіў. Ён акунаецца ў Ярдан сем разоў паводле слова Елісея, «чалавека Божага», і аздараўляецца. Мы дакладна не ведаем, на што ён хворы, таму што старагабрэйскай мове «праказай» называлася любая хвароба скуры. Але фактам застаецца тое, што Нааман выздаравеў. «Абрад» акунання ў ваду і ўмыванне ў рацэ Ярдан суправаджаецца паслухмянасцю слову Бога. Атрымліваецца двайны вынік: з аднаго боку Нааман фізічна выздаравеў, з другога — ён прыходзіць да веры, што «няма Бога на ўсёй зямлі, а толькі ў Ізраэлі». Ажыццяўляецца фізічнае аздараўленне, але і ўнутранае — Нааман прыходзіць да збаўлення.
Нааман выздаравеў не таму, што ён належыць да ізраэлькага народа, бо ён іншаземец. Урывак сведчыць пра пазачарговую «адкрытасць» ў дачыненні да не-ізраэлітаў, якая нагадвае час пасля выгнання, як мы гэта бачым у Кнізе Ёва. Нас аздараўляе і збаўляе не тое, што мы належым да пэўнай краіны або нацыі, а вера ў Бога Ізраэля. Бога нічога не абмяжоўвае: кожны, хто верыць у Яго, можа выздаравець. А Нааман здолее прызнаць, што яго аздараўленне было не выпадковым, а што яго можна прыпісаць толькі Богу Ізраэля і нікому іншаму. Гэтым ён адвяргае ўсе трактоўкі пра чароўнае аздараўленне. Прарок Елісей не хоча прыняць падарункі ад Наамана, бо сірыец павінен навучыцца хваліць Бога і прызнацца, што толькі Бог дорыць аздараўленне.
Павел у турме
Другое чытанне набліжае нам духоўны стан апостала Паўла, які вымушаны быў пакутаваць, нават у кайданах, быццам нейкі злачынца. Справа не датычыцца вызначанай і сапраўднай хваробы, аднак Павел пакутуе і стогне, ён самотны і асуджаны. Яго стан нагадвае стан хворага. Вязня Паўла не ахапілі пачуцці гневу, варожасці, помсты, ён не адчувае ні ахалоджвання, ні патрэбы сказаць штосьці ў сваю абарону. Ён жыве верай у Езуса Хрыста: «Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю». Гэта вера дапамагае яму жыць у турме як вольнаму чалавеку. Паўла не турбуе смутак і дэпрэсія, ён выносіць сваю пакуту «дзеля выбраных», іншымі словамі дзеля хрысціян, і захоўвае ў сабе некранутую здольнасць любіць і дарыць сябе іншым. У гэтым выпадку прыходзіць не да фізічнага выздараўлення, не да фізічнага вызвалення з турмы, а да сапраўднага і глыбокага ўнутранага выздараўлення.
Сутнасцю ўнутранага выздраўлення Паўла з’яўляецца яго блізкае яднанне з памерлым і ўваскрослым Езусам Хрыстом: «калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём». Мы не вызвалены, іншымі словамі, не аздароўлены, пакуль – як Павел – не адкрыем сваё сапраўднае “я” ў адносінах да Езуса. Апостал разумеў і адкрываў сваё сапраўднае жыццё ў яднанні з Хрыстом і ведаў, што сэнс яго жыцця знаходзіцца ў Ім. Аздараўленне – гэта не вынік рымлянскай улады, інтрыг людзей, унутранай стаічнай рэзігнацыі; гэта вынік веры ў асабіста перажываемую вернасць Бога, якую мы прымаем у сваё асабістае быццё. У турме Павел ведае, што Езус Хрыстус стаіць побач з ім як Вызваліцель.
Вера, якая аздараўляе
Чытанне з Евангелля падобна да ўрыўку з першага чытання. Бо і тут ёсць аздараўленне ад праказы і тэма прызнання і ўдзячнасці аздароўленых, з якіх адзін для габрэяў здаецца «чужым», іншаземцам, самаранінам. Уся ўвага і цэнтр аповеду звяртаюцца да супрацьлеглага паводзінам аздароўленых: самаранін — адзіны, які парслаўляе Бога. А да гэтага яго прыводзіць вера. «Вера твая збавіла цябе», значыць, ён не толькі аздароўлены, але дзякуючы сваёй веры і збаўлены. Бо аздараўленне не тое ж самае, што збаўленне. Усе дзесяць пракажоных былі фізічна аздароўлены, але толькі адзін з іх быў збаўлены, іншымі словамі, унутрана аздароўлены.
Выпадак у Евангеллі не кажа ні пра якое пераканаўчае слова Езуса, на аснове якога адбылося б збаўленне, Ён толькі гаворыць: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». Па габрэйскім законе святары былі ўпаўнаважаны на афіцыйнае прызнанне аздараўлення, якое ажыццявілася, і такім чынам яны ў поўнай меры прыводзілі аздароўленых зноў у грамадства. І толькі адзін з аздароўленых вярнуўся да Езуса і «моцным голасам праслаўляў Бога» і дзякаваў Таму, хто яго ачысціў. Мы павінны думаць, што астатнія не лічылі аздараўленне ні справай Бога, ні Езуса. Езус жа сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?»
Не дастаткова ветлівага і годнага стаўлення да законаў, як у нашым выпадку «паказацца святарам». Бо сілу і здольнасць аздараўляць да глыбіні, выратаваць чалавека не мае рэлігійная ўстанова. Усе дзесяць пракажоных былі пабожнымі. Не дастаткова нават прызнаць, што Езус — настаўнік, які вучыць правільна захоўваць законы, або прызнаць, што Ён цудатворца, які ведае, якія абрады трэба правесці, каб чалавек быў аздароўлены. Усе дзесяць пракажоных усхваляюць Езуса як «настаўніка», і толькі адзін даведваецца, што Бог праз пасрэдніцтва Езуса выратаваў яго: гэта вера. Вера, якая аздараўляе і прыносіць збаўленне. Гэта вера ў збаўчую моц Бога, які дзейнічае ў Езусе і праз Яго пасрэдніцтва. Гэта вера ў Езуса. Хрысціянская вера азначае звярнуцца да Чалавека Езуса, у якім прысутнічае і дзейнічае збаўленне Бога для нас.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.