Пошук

28.09.2013 14:02  

Дарагія браты і сёстры! У Евангеллі мы сёння пачулі прыпавесць пра багача і жабрака Лазара. Людзі двух абсалютна розных, а нават супрацьлеглых, сацыяльных статусаў. Адзін з іх багач, другі – жабрак. Не ведаем усіх абставінаў, якія паўплывывалі на жыццё гэтых людзей: ці багач сумленна зарабіў сваё багацце, а таксама ці жабрак па імені Лазар па сваёй віне перажыў сацыяльную дэградацыю, што ўрэшце прывяло яго да трагедыі галечы.

Усіх гэтых падрабязнасцяў мы не ведаем, аднак, зыходзячы з таго, кім гэтыя людзі з’яўляюцца на дадзены момант, давайце зараз паразважаем над тым, ці з’яўляецца багацце адназначна шляхам, які ніколі не прывядзе да Божага Валадарства,  а беднасць — стопрацэнтным паказчыкам пэўнасці нашага збаўлення?

У сваім навучанні Езус вельмі часта кажа пра багацце як пэўную цяжкасць, а нават перашкоду ў імкненні да Божага Валадарства. Напэўна, большасць з вас ведаеце урывак з Евангелля, калі багаты юнак падыходзіць да Езуса з пытаннем: як мне дасягнуць вечнага жыцця? І пасля дыялогу з гэтым юнаком Езус звяртаецца да сваіх вучняў са словамі: “Дзеці! Як жа цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. Прасцей вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае”. Так! Езус канкрэтна тлумачыць вучням, што багацце з’яўляецца сур’ёзнай цяжкасцю на шляху да збаўлення, але само па сабе багацце не ёсць гэтаму перашкодай. Езус кажа: «як жа цяжка», але не кажа: «немагчыма»!

Мае дарагія! Таксама як і беднасць не з’яўляецца праведнасцю сама па сабе, яна не адкрывае брамаў неба перад намі, але толькі стварае спрыяльныя ўмовы, каб мы да гэтай брамы дайшлі.  А ці годныя мы таго, каб яе перад намі адкрылі, — аб гэтым ужо не багацце ці беднасць сведчаць, але нашае жыццё.

У Старым Запавеце, паводле іўдзейскага мыслення, багацце з’яўлялася вынікам Божага благаслаўлення. І ў сувязі з гэтым такога багатага чалавека лічылі больш блізкім да Бога, чым, напрыклад, нейкага бедняка ці жабрака. Менавіта таму хтосьці з апосталаў запытвае Езуса: дык хто можа быць збаўлены?

Езус робіць унікальнае на той час адкрыццё, пэўную рэвалюцыю погляду на канцэпцыю збаўлення: ніякі чалавек сам па сабе не здольны збавіцца. Таму ніхто не павінен абапірацца на багацце як гарантыю свайго збаўлення, таксама як і не павінен губляць надзеі той, хто не мае граша за душой. Надзею на ўласнае збаўленне нам трэба даверыць Богу: у людзей, як казаў Езус, гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.

Давайце падумаем, ці не з’яўляецца гэты ўрывак Евангелля, які мы чулі, выдатнай нагодай, каб зрабіць рахунак сумлення са свайго хрысціянства. З таго хрысціянства, якое не толькі вызнаем у словах падчас літургіі, або падчас асабістай малітвы, але і таго хрысціянства, у якім існуюць канкрэтна мае паводзіны, мая пастава перад іншым чалавекам.

Бывае так, што мы становімся абыякавымі да іншых, не заўважаем нашых братоў і сясцёр, якім патрэбна нашая дапамога. Як часта мы толькі робім выгляд, што ўсё ў парадку, а дзесьці глыбей, у сэрцы, таго парадку няма. Бо чалавек патрабуе не толькі чагосьці матэрыяльнага: рэчаў, дабротаў, маёмасці. Ён таксама патрабуе ўвагі, хвіліны часу, які мы шчыра можам прысвяціць іншым, ці нават проста кроплі нашай зацікаўленасціі. Гэта таксама не менш важна, чым матэрыяльныя даброты, маёмасць.

Калі мы ўсведамляем гэты недахоп з нашага боку, варта зрабіць першы крок, каб яго выправіць, каб станавіцца падобным да добрага самараніна, які не ігнаруе сваіх бліжніх, асабліва тых, якія патрабуюць клопату і апекі. Дык што ж нам трэба рабіць, каб нас не напаткаў лёс багача з сённяшняй прыпавесці?

Па-першае, варта адкрыць вочы на патрэбы бліжніх. Варта наогул заўважаць бліжніх у сваім жыцці. Не толькі бачыць сябе са сваімі праблемамі. Але вельмі важна навучыцца заўважаць патрэбы і праблемы бліжніх. Асабліва тых, якія побач. Калі навучымся так бачыць, гэта істотны крок наперад у бок міласэрнасці.

Па-другое, важна даверыць сябе і свой лёс Богу. Таксама празмерна не прывязвацца да выгоднага жыцця, але як за дабрабыт, так і за нястачу ўмець у сэрцы шчыра дзякаваць Богу.

Дарагія! Менавіта сапраўднай міласэрнасці адносна бліжніх, а таксама паслухмянасці Божаму слову — вось чаго не хапала ў жыцці багачу з сённяшняй прыпавесці. Бо ў той час, калі ён апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў, жабрак па імені Лазар жадаў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Менавіта сапраўднага сэрца не хапала багачу, бо ён сярод свайго банкетавання не бачыў Лазара. Убачыў ён яго значна пазней, і то не ў гэтым жыцці. А недахоп паслухмянасці Божаму слову выразна бачны ў словах Абрагама, скіраваных да пакутуючага багача: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Дарагія браты і сёстры! Веру, якую маем у сваім сэрцы, Езус хоча сёння ажывіць і робіць гэта праз вобразы сённяшняй прыпавесці. Ён хоча нам паказаць, што не можа быць абстрактнай веры — яна вельмі канкрэтная і звязаная з нашым жыццём, з нашымі думкамі, словамі і ўчынкамі. І калі мы здольныя не толькі бачыць іншых, але і ім дапамагаць, то адначасова з гэтым удасканальваецца нашая вера. Што ў сваю чаргу адкрывае перад намі перспектыву збаўлення. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа