Пошук

30.08.2013 13:16  

Дарагія браты і сёстры! Сёння ў Евангеллі Езус не толькі робіць маральныя павучанні, не толькі выкладае правілы тагачаснага этыкету, як сябе весці за сталом, калі цябе запрасілі на пасілак. Тэма сённяшняга Евангелля значна шырэйшая і ахоплівае ўсё нашае жыццё, стыль нашых паводзінаў і адносінаў да іншага чалавека. Справы гэтыя актуальныя і зараз.

Словы з першага чытання, з кнігі Мудрасці Сіраха, выдатна пераклікаюцца з сённяшнім павучаннем Езуса, якое Ён некалі скіраваў да аднаго з фарысеяў і яго запрошаных, і таксама гэтыя словы накіроўвае зараз да нашых сэрцаў: Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана.

Усё вельмі проста і адначасова даволі складана. Асабліва калі чалавек па сваёй натуры схільны ўзвышацца, а не ўпакорвацца. Значыць, гэтая ласка ў вачах Пана нам каштуе.

Калі мы прыгледзімся да свайго жыцця, убачым, што ў ім адбываецца штосьці падобнае, як з сённяшнімі запрошанымі. Мы таксама выбіраем месцы. Па сваёй сутнасці мы імкнемся і прагнем выбраць лепшае месца, хоць не заўсёды гэтага заслугоўваем. І праблема няправільна выбранага месца заключаецца менавіта ў тым, што мы няздольныя стаць у праўдзе перад сабою, ацаніць свае магчымасці, здольнасці і патрэбы, якія маем, а ў дадатак да гэтага далучаецца празмерны эгаізм і недахоп пакоры, што і прыводзіць нас да няправільнага выбару свайго месца ў жыцці, сваёй паставы і адносінаў да сябе, Бога і бліжніх.

Як навучыцца аб’ектыўна сябе ацэньваць? Езус дае параду: навучыцеся бачыць бліжняга і яго патрэбы. Проста заўважце тых, хто з вамі побач. Гэта ўжо вялікі крок наперад. Папа Францішак кажа: “Давайце выйдзем з нашага эгаізму, з нашай закрытасці, з нашай абыякавасці ў адносінах да іншых людзей. Бо Езус асвятляе нашае жыццё святлом, якое ніколі не гасне…” Па-іншаму гэта і ёсць тая ласка ў вачах Пана. Бо калі мы бачым бліжняга і яго патрэбы, калі не баімся і не саромеемся служыць нашым бліжнім, то гэта вялікі крок да ўмення быць па-сапраўднаму пакорным у жыцці.

“Вазьміце ярмо Маё на сябе, — кажа Пан, — і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам”.


Вось гэтыя словы з’яўляюцца сваеасаблівым ключом да разумення сённяшняга ўрыўку з Евангелля. Сёння нам усім Езус дае ўрок пакоры. А ці задумваліся мы калі-небудзь, хто такі пакорны чалавек?

Умілаваныя! Пакорны чалавек выдатна ведае, што сам па сабе нічога не можа, што збаўленне — гэта Божы дар, які людзі атрымалі незаслужана і непасрэдна ад Бога. Ён ёсць аўтарам і ініцыятарам збаўлення. Гэта Ён, Бог, робіць першы крок да чалавека, які заставаўся ў цемры безнадзейнасці. Таму пакорны чалавек ніколі не будзе прыпісваць сабе ніякай заслугі, не будзе хваліцца нейкімі ўласнымі дасягненнямі, бо ведае, што любоў і міласэрнасць Бога, а не ўласныя заслугі, магчымасці і сілы, з’яўляюцца сапраўдным гарантам збаўлення.

Таму, калі чалавек пакорны, ён усё сваё жыццё і збаўленне з даверам аддае Богу. А паколькі, дзякуючы веры, мае пэўнасць збаўлення, то ведае, каму павінен насамрэч быць удзячны і  хто годны самага ўзнёслага і лепшага месца ў сэрцы.

Калі мы пакорныя, то ўмеем быць удзячнымі, можам па-сапраўднаму праслаўляць Бога, жыць Яго словам і воляй кожны дзень, імкнучыся Яго наследваць. Вось у гэтым заключаецца сапраўдная пакора. А калі чалавек усё прыпісвае выключна сабе, то ён няздольны да ўдзячнасці, прастаты, нават не памылюся, кажучы, што няздольны да праўды. А пакора ў яго жыцці з’яўляецца не чым іншым, як толькі карыкатурай.

Таксама, дарагія браты і сёстры, узор пакоры дае нам сам Збаўца, кажучы: Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце да Валадарства Нябеснага. Бо дзеці заўсёды простыя, непасрэдныя і праўдзівыя. А мы, на жаль, не заўсёды такімі з’яўляемся. Не маем у сабе столькі прастаты і праўдзівасці; можа, у выніку дрэннага прыкладу з боку асяроддзя, у якім мы знаходзімся, ці таксама ў выніку недастаткова добрага выхавання, ці такой нашай натуры і характару. Таму адзінымі лекамі на гэта становіцца нашая сапраўдная пакора ў жыцці.

Езус звяртаецца да нашых сэрцаў, да нашага сумлення, каб мы сталі ў праўдзе перад сабою, каб мы сталі пакорнымі і маглі выбраць уласцівае для саміх сябе, месца, згоднае з нашымі магчымасцямі, заданнямі, перад якімі ставіць нас Бог, каб выбіралі гэтыя месцы ў праўдзе і пакоры. Тады ў глыбіні сваёй душы можам пачуць падобныя словы, якія да нас прамаўляе Пан:

Калі даверышся Мне і станеш пакорным, зможаш атрымаць усё, што толькі захочаш, нават больш, чым можаш сабе ўявіць. Але калі паспрабуеш абысціся без Мяне, калі захочаш сам здабыць сабе вечнае жыццё, тады будзеш падобны да таго ганарлівага чалавека, які самавольна заняў першае месца, а пасля з вялікім сорамам павінен быў з гэтага месца сысці.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Урок пакоры, які сёння нам дае Езус, вельмі патрэбны, каб мы маглі лепш зразумець сябе, свае плюсы і мінусы. Бо толькі так можна паспяхова выканаць працу над памылкамі. Калі мы заўважаем нейкія свае ўласныя недасканаласці, то гэта крок наперад, каб іх пазбыцца. А каб гэтае нялёгкае заданне выканаць, нам трэба ў пакоры даверыць свае сілы і магчымасці Богу, які сам нас зменіць. Дазвольце Богу дзейнічаць у вашым жыцці! Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.