Пошук

26.07.2013 21:24  

Дарагія браты і сёстры! Напэўна, ёсць такія моманты ў жыцці кожнага, магчыма, больш гэта ў перыяд маладосці, калі ў нас з’яўляецца шмат розных мараў, планаванняў будучыні. І гэта нармальна. Хто ж з нас не марыць?

Добрыя мары, уяўленне сваёй будучыні, прагненні дабра для сябе і для іншых проста неабходныя ў нашым жыцці. Без іх немагчыма, бо яны дазваляюць нам жыць поўным жыццём. Не раз такія прагненні і мары натхняюць нас да добрых справаў, для таго, каб жыць і дзейнічаць на карысць дабра.

Падобныя натхненні патрэбныя як у нашым звычайным жыцці, так і ў духоўным: калі чытаем Біблію, калі слухаем Божае слова, слухаем заахвочванне святароў, прапаведнікаў, атрымоўваем як бы імпульс, які нас пабуджае да таго, каб мы марылі і планавалі свой уласны ўдзел, уклад у жыццё Касцёла. Калі мы адчуваем прагненне больш глыбокага духоўнага жыцця, то без сумніву раней ці пазней гэтае прагненне рэалізуем…

У Старым Запавеце ў кнізе прарока Ёэля ёсць такія словы: “Старцы вашыя будуць сніць, а юнакі вашыя будуць мець візіі" (Ёл 3,1) Калі гэтыя словы перанесці на нашу цяперашнюю рэчаіснасць, то гэты наш досвед ёсць не што іншае, як натхненне  Святога Духа, які і ёсць крыніцай нашых прагненняў, планаў і мараў.

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, будучы маладой дзяўчынай, потым сястрой кармэліткай, таксама марыла. Марыла яна аб вялікіх чынах, якія жадала здзяйсніць дзеля Езуса. Свае жывыя прагненні, мары яна адлюстравала ў адным вельмі шчырым вызнанні: адчуваю ў сабе пакліканне ваяра, святара, апостала, доктара, мучаніка… Адчуваю ў сваім сэрцы адвагу крыжаносца, папскага жаўнера, прагну памерці на полі бітвы, абараняючы Касцёл…

Дарагія! Калі прыгледзецца да нашых мараў і прагненняў, то яны нагадваюць нам квітнеючыя сады. Шмат кветак з якіх павінны апасці, толькі з некаторых праз пэўны час можна будзе дачакацца пладоў. Такім ёсць жыццё. Нешта падобнае адбываецца і ў сферы нашых прагненняў. Не ўсе яны спаўняюцца.

Напрыклад, у жыцці св. Тэрэзы споўнілася шмат мараў, яна стала манахіняй. Але адчувала нейкі недахоп у выкананні сваіх прагненняў. У сваім жыцці Тэрэза шукала нейкага больш глыбокага сэнсу, нейкага канкрэтнага паклікання, каб адчуць і перажыць цалкам тую радасць з выканання сваіх прагненняў. І гэтую каштоўную пярліну самарэалізацыі св. Тэрэза знаходзіць у Евангеллі.

Езус у апошнія гадзіны свайго жыцця стараўся прыгадаць апосталам аб тым, што было найважнейшым у Яго жыццёвым пакліканні. Настаўнік і Пан абмыў сваім вучням ногі. Паводле яўрэйскай традыцыі гаспадар абмываў ногі гасцям толькі тады, калі ганарыўся іх прысутнасцю. Калі госці былі вельмі важнымі.

Увесь час, калі Езус размаўляў, настаўляў сваіх вучняў, Ён абвяшчаў Божае Валадарства, дакладна кажучы, што яно і з’яўляецца прыярытэтам у нашым жыцці. Найважнейшым з’яўляецца Божае Валадарства, да якога мы і павінны імкнуцца. І гэтае запрашэнне да Божага Валадарства датычыць усіх людзей.

У Божым Валадарстве мы не губляем сваёй тоеснасці, мы заўсёды застаемся сабою, але пры гэтым разам з іншымі ствараем еднасць, якая з’яўляецца Целам Хрыста.

Падчас Апошняй Вячэры Езус хацеў падцвердзіць праўду аб тым, што Валадарства Божае з’яўляецца валадарствам любові. Дзе няма месца людской зайздрасці, бязлітаснай канкурэнцыі, заўзятага змагання за тое, хто лепшы, і г.д. Для Езуса было важным, каб Яго вучні,  таксама і мы зараз, зразумелі прынцып, які вядзе да Божага Валадарства і які быў выражаны ў абмыцці ног.

Езус пытаўся ў сваіх вучняў: “Ці разумееце, што Я вам учыніў? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам і добра кажаце, бо Я ім з’яўляюся. І калі Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны сабе наўзаем абмываць ногі. Я даў вам прыклад, каб вы так чынілі, як Я вам учыніў…”

Прынцыпова важнай умовай ўваходу ў Валадарства Божае з’яўляецца выбар любові як асноўнага прынцыпу жыцця. Любоў ёсць тым адзіным распазнавальным знакам: па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго. Адзінай сілай у Валадарстве Божым з’яўляецца сіла любові, а не сіла аргумента, ці аргумент сілы.

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус калісьці напісала такія словы: “Я зразумела, што паколькі Касцёл з’яўляецца Целам, які складаецца з многіх членаў, то ён заўсёды мае ў сабе сэрца. І гэтае сэрца палае любоўю… Я зразумела, — піша далей Тэрэза, — што любоў уключае ў сябе ўсе пакліканні, любоў з’яўляецца ўсім, яна ахоплівае ўсе часы і ўсе месцы… Адным словам, любоў вечная! Таму, захапляючыся веліччу гэтай любові, я не магу не ўсклікнуць з радасці: о Езу, мая любоў… Нарэшце я знайшла маё пакліканне. Маім пакліканнем з’яўляецца любоў. У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду любоўю, і такім чынам усе мае мары споўняцца!"

Умілаваныя! Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус адчувала ў сваім сэрцы глыбокую радасць, таму што зразумела адну вельмі важную рэч: яе мары, прагненні бралі пачатак з адной крыніцы, якой была менавіта любоў. І гэтая любоў была яе пакліканнем. Адказваючы на заклік любові Тэрэза не толькі зберагла, але і рэалізавала ўсе свае мары і прагненні. Ёй удалося дайсці да самага каштоўнага скарбу, які быў укрыты ў яе сэрцы. І калі Тэрэза гэты скарб адшукала, то адначасова адшукала сябе.

У сваёй першай энцыкліцы „Redemptor hominis” папа Ян Павел ІІ напісаў: "Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застанецца для самога сябе незразумелай істотай, а яго жыццё будзе пазбаўлена сэнсу, калі яму не аб’явіцца любоў, калі ён не спаткаецца з любоўю, калі да яе не дакранецца і не зробіць яе нейкім чынам сваёй уласнай, калі не знойдзе ў ёй свайго жывога ўдзелу, да той пары чалавек не зможа цалкам сябе зразумець".

Дарагія браты і сёстры! Сёння гэтая святая асаблівым чынам жадае падзяліцца з намі сваім адкрыццём — не толькі таго, што змешчана ў аўтабіяграфіі пад назвай “Дзеі Душы”. Але сваёю асобай, дзейнасцю і духоўнасцю, асаблівай прысутнасцю сярод нас, якія прымаем яе рэліквіі, святая Тэрэза жадае падзяліцца праўдай аб пакліканні, якую яна сама ў сваім жыцці адкрыла і якою жыла.

Сёння, дарагі брат і дарагая сястра, святая Тэрэза запрашае, каб і ты ў сваім жыцці мог знайсці той утоены ў сэрцы скарб, каштоўную пярліну: той заклік да любові, бо кожны з нас без выключэння пакліканы да Божай любові.

Не важна, святар ты, манах, бацька, маці ці проста адзінокі чалавек. У любові мы заўсёды можам рэалізаваць і знайсці сябе. Яна ёсць дарам, які таксама абавязвае, патрабуе адказнасці. Дарагія, менавіта Божая любоў здольная не толькі зберагчы ўсе нашыя мары і прагненні, але яна можа надаць сэнс нашаму жыццю і рэалізаваць усё тое добрае, што ёсць у нашым сэрцы. «Маё пакліканне – гэта любоў»: няхай гэтыя словы св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус стануць і нашым дэвізам у жыцці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.