1 чыт.: Быц 2, 7–9; 3, 1–7;
Пс 51 (50), 3–4. 5–6ab. 12–13. 14 і 17;
2 чыт.: Рым 5, 12–19;
Ев.: Мц 4, 1–11
Вялікі пост — час духоўнай бітвы
У першую нядзелю Вялікага посту мы кожны раз сузіраем Езуса, які праходзіць праз свой саракадзённы «Вялікі пост» адразу пасля хросту, перад тым, як распачаць сваю публічную дзейнасць у Ізраэлі. Гэты перыяд неабходны для Сына Чалавечага, каб Ён быў цалкам гатовы да той місіі, якую прыйшоў споўніць.
На працягу сарака дзён перад святкаваннем Пасхі Касцёл дапамагае нам стварыць своеасаблівую «пустыню» ў нашым жыцці, каб перажыць досвед Духа, падобны да сутыкнення Езуса са спакусамі д’ябла.
Мы па-свойму паўтараем таксама досвед народа Ізраэля, які быў выпрабаваны ў пустыні на шляху з няволі да жыцця ў свабодзе на Зямлі Абяцанай.
«Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання», — кажа Пісанне (пар. Сір 2, 1), і гэтыя словы датычацца і Езуса, і кожнага з нас. Варта затрымацца над гэтай праўдай, прасякнуцца ёю: нашага Настаўніка можа спакушаць д’ябал — падобна, як і нас. Такім чынам уцелаўлёны Сын Божы становіцца вельмі блізкі да нашай уразлівасці, да нашых змаганняў з хлуснёй, якую падсоўвае нам спакуснік.
Езус, намашчаны Духам Святым, дае прыклад, як дзякуючы выпрабаванню стаць мацнейшымі. Так, у гэтым «добрая навіна» для нас: спакуса, хоць сама па сабе рэч непрыемная, у руках Божага Провіду ператвараецца для нас у нагоду для духоўнага росту. Нават калі мы недасканала даем сабе рады ў момант выпрабавання ці падаем у чарговы раз, усведамленне сваёй крохкасці вядзе нас да большай пакоры, да імкнення яшчэ больш давяраць Пану і Яго моцы, а не сваім уласным намаганням.
«Пане, наш Божа, святым пастом дай нам распачаць духоўнае змаганне, каб устрыманасць умацавала нас у барацьбе са злым духам», — маліліся мы падчас літургіі ў Папяльцовую сераду. Перыяд Вялікага посту дапамагае нам прыняць неабходнасць духоўнай барацьбы з ворагам, які жадае знішчыць нашае шчасце ў Богу.
Спакусы Сына Божага і нашыя
Як распавядае сённяшняе першае чытанне, вораг чалавечай натуры, прадстаўлены ў постаці змея, з самага пачатку гісторыі стараецца ўвесці раскол у адносіны паміж чалавекам і Богам.
Нам варта ўмець у першую чаргу ідэнтыфікаваць голас спакусіцеля, які з’яўляецца «майстрам маскіроўкі», хамелеонам. Яго асноўная стратэгія — «пускаць пыл у вочы», хавацца за аргументамі, якія нібыта абараняюць наш жыццёвы інтарэс.
Менавіта так ён паступае з Евай, сваёй пераканаўчай хлуснёй прыводзячы да фатальных наступстваў.
Падобную стратэгію, але нашмат больш «тонкую», сатана (што ў перакладзе значыць «праціўнік, абвінаваўца») выкарыстоўвае і з Езусам: ён нават прыводзіць цытаты са Святога Пісання, каб пераканаць Божага Месію ў сваёй хлусні. Д’ябал тройчы прапануе Хрысту ўяўнае «дабро», за якім схавана маніпуляцыя. Спачатку гэта хлеб: вораг «б’е» ў слабое месца, бо Езус на той момант сапраўды згаладаўся. Кожны ведае моманты фізіялагічнай патрэбы, аднак ёсць і неверагодныя прыклады таго, як гэтыя патрэбы могуць быць пераадолены, калі ў чалавека ёсць нейкая вышэйшая мэта. У сваім адказе Езус не проста падкрэслівае перавагу духоўнай рэчаіснасці над матэрыяй, але спасылаецца на тую місію, якая адкрываецца нам праз Божае слова і з’яўляецца сэнсам жыцця — нават за парогам смерці.
Далей пад выглядам «даверу» да Бога, які напэўна не дазволіць свайму Сыну разбіцца аб камяні, д’ябал насамрэч прапануе «выпрабаваць Бога на вернасць». Такім чынам адносіны з Айцом ператвараюцца ў капрызную гульню з боку чалавека.
Урэшце сатана спакушае пад выглядам улады, то бок магчымасці кіравання ўсімі зямнымі валадарствамі — з «дробнай» клаўзулай, што пры гэтым Езус будзе кланяцца айцу ўсялякага разладу. Гэта перасцярога для нас, каб не ісці на кампраміс са злом (а кампраміс з іншай асобай будаваць на падставе праўды). Дыспенсы ад галоўнай запаведзі — любіць Бога, а гэта значыць і служыць толькі Яму ва ўсім — не існуе. Гэта не загад раўнівага бога, а крыніца нашай годнасці і святасці на ўзор Таго, паводле Чыйго падабенства мы створаныя.
Досвед выпрабавання — досвед Духа
Езус у адказ на ўсе д’ябальскія прапановы звяртаецца да словаў Запавету паміж Ягвэ і Ізраэлем: слова Божае, у якім заключана абяцанне Пана і «рэцэпт» для захавання свабоды і годнасці, — вось сродак, які дазваляе пераадолець любую спакусу.
Хрыстус выходзіць пераможцам з досведу выпрабаванняў не дзякуючы нейкай уласнай асаблівай моцы, але Божым словам: тым, што даступна таксама і нам. Канечне, гаворка не пра нейкія магічныя формулы, а пра акт веры-даверу Пану, які мы здзяйсняем, прымаючы і вызнаючы як праўду тое, што паабяцаў Бог.
«Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго»: вось яшчэ адна важная дэталь гэтай евангельскай падзеі. Таксама нам важна памятаць, што момант выпрабавання — гэта досвед Духа, які дае нам сваю моц, каб мы ўсё больш сталелі на нашым шляху веры. Менавіта ў выпрабаваннях становіцца відавочным духоўны стан чалавека, інакш кажучы, правяраецца, ці ягонае жыццё будуецца на моцнай аснове ці на «пяску». Натуральна, нам не падабаюцца выпрабаванні, іспыты, але яны неабходныя для нашага росту, каб паказаць нам, дзе мы яшчэ недастаткова дазваляем Богу дзейнічаць у нашым жыцці.
Езус — наш Збаўца: вось тая праўда, да якой мы звяртаемся супраць спакусы. Нам не трэба спрабаваць самім перамагчы, бо імкненне «даказаць, што я магу», можа аказацца найбольшай спакусай. Канечне, гэта не значыць, што ад нас нічога не залежыць, але выпрабаванне можа стаць нагодай сапраўднага росту толькі тады, калі мы навучымся давяраць Божай ласцы, а не разлічваць на ўласныя сілы.
Бываюць моманты, калі мы адчуваем, што наша чалавечая слабасць «цягне» нас у багна і мы сапраўды не ў сілах супрацьстаяць, і тады «крык душы» да Пана ва ўсёй пакоры — адзінае, што нам застаецца.
Аднак больш важна тое, як мы штодзённа будуем з Ім нашыя адносіны, узмацняючы «імунітэт» праз тое, што «засвойваем» дар Божай ласкі дзень пры дні. Няхай гэты Вялікі пост стане перыядам штодзённага ўзрастання ў нашай вернасці і блізкасці з Айцом, Сынам і Духам Святым. Амэн.