Пошук

12.11.2022 07:07   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Хрыстус перад Пілатам. Мастак Геронім Босх / wikiart.org

1 чыт.: Мал 3, 19–20a;
Пс 98 (97), 5–6. 7–8. 9;
2 чыт.: 2 Тэс 3, 7–12;
Ев. Лк 21, 5–19

Апакаліпсіс цяпер

Мы набліжаемся да канца літургічнага года, і сённяшнія чытанні скіроўваюць наш позірк у будучыню. Ад прарока Малахіі мы чуем прадказанне пра «дзень, палаючы быццам печ», у які не змогуць выстаяць «ганарлівыя і бязбожныя». У пасланнях прарокаў Ізраэля пастаянна прысутнічае напамін пра «дзень Пана», дзень «вялікі і страшны» (Ёэл 2, 31), калі адбудзецца суд над усімі народамі і над кожным чалавекам, як абвяшчае сённяшні рэспансарыйны псальм: суд «справядлівы», «паводле праўды».

Пан Езус у сваёй апошняй публічнай прамове паводле евангеліста Лукі прадказвае разбурэнне ерузалемскай святыні, а таксама войны і катаклізмы. Знішчэнне ерузалемскай святыні, якою так ганарыліся юдэі, фактычна адбылося прыкладна праз сорак гадоў і стала вялікай трагедыяй для народа Ізраэля.

Адносна ж іншых трагічных падзей, якія апісвае Езус, можна сказаць, што, на жаль, яны здараюцца з большай ці меншай інтэнсіўнасцю ў кожную эпоху, у тым ліку і сёння вакол нас.

Зусім недалёка ад нас ідзе жудасная вайна, якія забірае тысячы чалавечых жыццяў, сее нянавісць паміж народамі на доўгія дзесяцігоддзі і пагражае глабальнай эскалацыяй. З навінаў мы пастаянна даведваемся таксама пра прыродныя катаклізмы — наступствы драпежнага карыстання рэсурсамі нашай планеты, ахвярамі чаго становяцца, як заўсёды, самыя бедныя. Да гэтага можна дадаць падзелы і канфлікты ў сем’ях, сярод найбольш блізкіх асобаў, пра што таксама ўзгадвае Езус.

Гэтыя знешнія абставіны могуць стаць фонам і для нашых унутраных «катаклізмаў»: ці мы часам не паддаемся адчаю, гледзячы на тое, як свет, здаецца, вар’яцее вакол нас, калі адчуваем уласнае бяссілле ў той час, як «прабіваецца чарговае дно»? Сітуацыя, у якой губляюцца арыенціры, калі цяжка зразумець сэнс таго, што адбываецца навокал, калі невядома, куды рухацца далей, магчыма, нават часцей, чым са знешнім светам, здараецца з кожным з нас асабіста.

Няма сэнсу хаваць крызіснага стану рэчаў: слова Пана не ігнаруе праўду пра трагічную рэчаіснасць зла ў свеце, пра наступствы існавання, якое адкідае Бога і праўду.

Аднак сярод усяго гэтага драматызму апакаліптычнае пасланне — гэта крыніца радыкальнай надзеі для тых, хто захоўвае вернасць і цярплівасць сярод перыпетый гісторыі грамадскай і асабістай. «Для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях», — абвяшчае прарок.

Прароцкае сведчанне вернікаў Хрыстовых

«Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся», — заклікае Пан Езус сваіх непасрэдных слухачоў, а таксама і нас сёння, як бы дзіўна гэта ні гучала. Акрамя прадказання землятрусаў, голаду і мору, Пан папярэджвае, што Ягоных вызнаўцаў «будуць пераследаваць», «паставяць перад каралямі і валадарамі», «а некаторых з вас заб’юць». Аднак менавіта сярод пераследу, сцвярджае Хрыстус, вучні атрымліваюць шанц даць сведчанне пра сваю веру і надзею. Гэта адбудзецца не дзякуючы іх уласным якасцям і старанням, а таму, што Ён сам дасць ім «вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць» праціўнікі. Ужо другі раз у Евангеллі паводле Лукі вучні чуюць такое абяцанне: раней Езус кажа, што «Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць» (Лк 12, 12).

Тое, пра што кажа Езус, можа здавацца далёкім ад нашай рэчаіснасці: мала каму з нас даводзіцца стаяць перад «каралямі і валадарамі», баронячы хрысціянскую веру. Аднак кожнаму вучню Хрыста варта памятаць, што праз хрост мы сталіся часткай народа «святароў, каралёў і прарокаў», і менавіта гэтае апошняе вымярэнне нашай тоеснасці як хрысціянаў азначае гатоўнасць даць сведчанне пра тое, у што мы верым.

Апостал Пётр заахвочвае быць «заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 П 3, 15).

Сведчанне — неад’емная частка жывой, а не проста фармальнай веры, і яно пачынаецца ў сям’і.

Часта католікі не адчуваюць сябе дастаткова падрыхтаванымі, каб штосьці тлумачыць іншым адносна сваёй веры, і тым больш весці дыскусію на нейкія багаслоўскія тэмы. Словы Езуса вызваляюць нас ад празмернай засяроджанасці на саміх сабе: у сведчанні адбываецца штосьці большае, чым проста наша асабістая ініцыятыва.

Наказваючы не клапаціцца пра тое, што казаць, Езус, напэўна, не хоча, каб мы грэбавалі нагодамі паглыбляць свае веды пра Бога, слухаючы духоўных настаўнікаў і самастойна разважаючы над Божым словам. Наш Нябесны Настаўнік, напэўна, таксама не супраць таго, каб мы дзяліліся сваім духоўным досведам з іншымі, практыкуючыся ў наданні адпаведнай формы нашым унутраным перажыванням боскай рэчаіснасці. Галоўнае пытанне ў тым, наколькі жывая наша вера: наколькі жывыя нашыя асабістыя адносіны з Айцом, Езусам, Духам Святым; наколькі мы імкнемся жыць паводле Добрай Навіны, якую мелі шчасце пачуць і прыняць у сваім жыцці.

Жыць надзеяй, якая не асароміць

Неад’емным спадарожнікам нашай веры ў Хрыста з’яўляецца хрысціянская надзея. Гэтая цнота асабліва каштоўная сёння, у нашыя часы, калі так лёгка паддацца спакусе адчаю перад абліччам зла і хлусні, якія, здаецца, трыумфуюць навокал. «Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае», — так Езус вучыць ставіцца адносна шматлікіх выклікаў, з якімі нам даводзіцца мець дачыненне (значэнне слова, перакладзенага як «цярпенне, цярплівасць», варта дапоўніць «вытрываласцю, стойкасцю»).

Дзеля таго, каб не губляць цярплівасці, каб захоўваць вернасць, нам неабходна мець надзею на тое, што любыя падзеі, нават самыя трагічныя, у Божым плане маюць сэнс і вядуць да перамогі, калі мы дазваляем Духу Святому — Духу Любові — дзейнічаць у нас (пар. Рым 8, 28).

«Некаторых з вас заб’юць», — папярэджвае Езус, і адразу дадае: «але і волас з галавы вашай не прападзе». У гэтым сцвярджэнні пачуем супярэчнасць, калі не будзем улічваць, што наша хрысціянская надзея — пасхальная, яна перакрочвае парог смерці. Даючы сведчанне аб праўдзе ў гэтым свеце, мы вельмі верагодна будзем вымушаныя «заплаціць» за гэта сваім камфортам, а нязлічоная колькасць нашых братоў і сясцёр па веры заплацілі за гэта сваім жыццём. «Здольнасць цярпець дзеля любові да праўды — гэта мера чалавечнасці», — сцвярджае Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe Salvi і дадае: «Аднак гэтая здольнасць цярпець залежыць ад тыпу і ад меры надзеі, якую мы носім у сабе і на якую абапіраемся» (п. 39).

Святы Павел вучыць, што «калі мы спадзяемся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей» (1 Кар 15, 19). Гэта надзея, якая дасягае вечнасці, прыносіць плён ужо ў гэтым жыцці, калі мы не паддаемся страху і дзейнічаем, натхнёныя любоўю, не зважаючы на супраціў свету. Няхай Дух Святы ўмацуе нашыя сэрцы той надзеяй, якая «не асароміць» (Рым 5, 5) і зробіць нас вернымі сведкамі праўды. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа