Для вас узыдзе сонца справядлівасці
Чытанне кнігі прарока Малахіі.
Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ. Тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, – кажа Пан Магуццяў, — так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях.Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Прыйдзе Пан судзіць народы справядліва.
5. Грайце Пану на гуслях, *
на гуслях і на гарфе.
6. Пад гучанне трубаў і рога *
радасна ўсклікайце перад Панам і Валадаром.
Рэфрэн:
7. Няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе, *
сусвет і тое, што жыве ў ім.
8. Няхай рэкі пляскаюць у далоні; *
няхай узрадуюцца разам горы.
Рэфрэн:
9. Перад абліччам Пана, які надыходзіць, *
бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва *
і народы паводле праўды.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Браты:
Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не чынілі беспарадку сярод вас і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас. Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для наследавання нас.
Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам, што калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць. Але чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у беспарадку: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі. Такім загадваем і заклінаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі свой уласны хлеб.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.
І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?
Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», – і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.
Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе.
Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ