Пошук

20.08.2022 07:07   а. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: Іс 66, 18–21;
Пс 117 (116), 1–2;
2 чыт.: Гбр 12, 5–7. 11–13;
Ев.: Лк 13, 22–30

Збаўленне маё і бліжняга

«Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» — такое пытанне задаюць Езусу ў сённяшнім евангельскім эпізодзе. Магчыма, і нам з цікаўнасці хацелася б ведаць адказ на гэтае пытанне, але рэакцыя Езуса паказвае, што ўвагу трэба засяродзіць на чымсьці іншым: на тым, які шлях вядзе да збаўлення, а не на лічбах.

Насамрэч у нашым разуменні Божага збаўлення неабходна думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых, прычым рабіць гэта не з цікаўнасці, а са шчырага клопату пра тое, што для чалавека найважнейшае. Бог пажадаў прывесці нас у сваё Валадарства не паасобку, а як супольнасць, як народ, як сям’ю сваіх дзяцей, і нам варта адчуць і глыбока прыняць гэтае Божае жаданне, Божую волю, каб «усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2,4).

У першую чаргу, канечне, нам трэба клапаціцца пра наш уласны канчатковы лёс у Богу — пра тое, каб не апынуцца там, дзе «будзе плач і скрыгатанне зубоў». Але нашае жаданне шчасця ў Божым Валадарстве неаддзельнае ад імкнення дапамагчы таксама іншым быць там, пачынаючы ад найбліжэйшых нам людзей.

Таму наша вера з’яўляецца не толькі жывымі асабістымі адносінамі з Богам, але і сведчаннем, якое мы даем іншым.

Святы Павел разважае: «Як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?» І далей усклікае, цытуючы словы прарока: «Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро!» (Рым 8, 14–15). Кожнаму верніку Хрыстоваму варта прыняць тую праўду, што няма нічога прыгажэйшага ў нашым жыцці, чым стаць пасланцом Добрай Навіны для бліжняга.

Бацькі з’яўляюцца для дзяцей пасрэднікамі дару фізічнага жыцця, але яшчэ большую маюць заслугу, калі яны перадаюць дзецям веру праз сваё шчырае сведчанне жывых адносінаў з Богам у супольнасці Касцёла.

Тэрміновасць Божага Валадарства

Ад Пана Езуса чуем сёння жорсткія словы перасцярогі, якія могуць выклікаць пэўны дысананс з самой ідэяй «Добрай Навіны». «Плач і скрыгатанне зубоў» тых, хто не ўвайшоў усярэдзіну, строгае стаўленне гаспадара дома — ці ж не выклікае гэта непакою і не кантрастуе з вобразам міласэрнага і любячага Бога? Таксама аўтар Паслання да Габрэяў, цытуючы Стары Запавет, разважае пра Божае пакаранне і нават параўноўвае Бога з бацькам, які б’е сына — вобраз, які можа выклікаць жах у сучасных педагогаў…

Але ў тым жа ўрыўку мы знаходзім ключ да правільнага разумення таго, пра што ідзе гаворка. Канечне, пакаранне і тым больш фізічнае насілле ці пакуты не з’яўляюцца сродкам дзеяння нашага Нябеснага Айца. Тое, што мы ўспрымаем як пакаранне, з’яўляецца або наступствам нашай грахоўнасці і недасканаласці, або справакавана злом, якое, на жаль, прысутнічае ў нашым свеце і непазбежна дасягае нас у той ці іншай форме. Але добры і любячы Бог, калі мы не перастаем верыць і давяраць Яму, здольны ператварыць падобныя выпрабаванні ў сродак нашага ачышчэння і ўзрастання ў цярплівасці і вернасці Яму.

Таму вельмі важна падчас розных выпрабаванняў нам не губляць веры ў Божую любоў, але ўспрымаць іх як частку таго крыжа, які непазбежна ёсць у жыцці кожнага Хрыстовага вучня.

Строгія ж перасцярогі з вуснаў Пана Езуса павінны дапамагчы зразумець, наколькі сур’ёзна і тэрмінова нам трэба ўспрымаць Ягоны заклік ісці за Ім, несучы ў свет сведчанне Евангелля. Свабода, дадзеная Божым дзецям, надта лёгка можа праз розныя спакусы стаць тым, што нас зводзіць з правільнага шляху, таму няспынна трэба практыкавацца ў добрым яе выкарыстанні. Прайсці праз вузкую браму нам перашкаджае ў першую чаргу нашае раздзьмутае эга — сваволле і жаданне быць гаспадарамі ўласнага (а таксама чужога) жыцця. Тое ж, што дапамагае быць адпаведнага «памеру», — гэта пакора: не прыніжэнне нашай сапраўднай вартасці, а ўсведамленне, што без Бога мы — нішто, а з Ім — каралі, прарокі і святары.

Брама — гэта Езус

Вузкая брама, праз якую Езус запрашае ўвайсці на банкет у Нябесным Валадарстве, — гэта Ён сам (пар. Ян 10, 7). Няма іншага спосабу прыйсці да Айца, як толькі праз Яго (пар. Ян 14, 6). Недастаткова есці і піць перад Ім ці слухаць Ягонае вучэнне: трэба наследаваць Яго ў справядлівасці, у Ягоных паводзінах з тымі, хто займае апошняе месца ў гэтым параненым грахом і злом свеце. Інакш мы рызыкуем пачуць: «Не ведаю вас, адыдзіце ад Мяне».

У біблійным сэнсе «ведаць» — значыць быць у блізкіх, інтымных адносінах з кімсьці.

Вера — гэта не веды пра нейкія догмы, але шлях усё глыбейшага пазнання майго Збаўцы, падарожжа дзень пры дні побач з жывым, хоць нябачным у звычайным сэнсе Панам.

Збаўленне, якое дае Езус праз ахвяру свайго жыцця за нас, ратуе ад моцы зла і ўлады смерці — і навокал, і ўнутры нас, але яно нешта большае, чым гэта. Божы Сын прыйшоў у гэты свет, каб даць нам паўнату жыцця — таго жыцця, якое не мае канца і абмежаванняў, бо яно спалучанае з жыццём самога Бога, крыніцы ўсяго існага. Няхай мы сёння даверымся цалкам нашаму Збаўцы, каб Ён вёў нас на пашы боскага жыцця. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа