Пошук

12.08.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 66, 18–21

Прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Я ведаю ўчынкі іхнія і задумы іхнія. І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю. І ўстанаўлю сярод іх знак, і пашлю ацалелых з іх да народаў: у Тарс, Пул і Луд, у Мэсэх, Тубаль і Яван, на далёкія астравы, якія не чулі пра Мяне і не бачылі славы Маёй. Яны абвесцяць славу Маю між народамі. І прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў у прынашэнне Пану на конях, калясніцах і насілках, на мулах і вярблюдах у Ерузалем, на Маю святую гару, — кажа Пан, — як прыносяць сыны Ізраэля прынашэнне ў чыстым начынні ў дом Пана. І прызначу некаторых з іх святарамі і левітамі, — кажа Пан.  

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 117 (116), 1–2 (Р.: Мк 16, 15)

Рэфрэн: Ідзіце і абвяшчайце Евангелле.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.
2. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 12, 5–7. 11–13

Каго Пан любіць, таго і карае

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вы забыліся  пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам:

Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына.

Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

Цяпер усялякая пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала. Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але  каб выздаравеў.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 14, 6
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 13, 22–30

Прыйдуць з усходу і з захаду, і сядуць за стол у Валадарстве Божым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.

І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?

Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы.

І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І    вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа