1 чыт.: Быц 18, 1–10a;
Пс 15 (14), 2–3a. 3bc–4ab. 5;
2 чыт.: Клс 1, 24–28;
Ев.: Лк 10, 38–42
Патрэбна толькі адно
Цнота гасціннасці была вельмі важнай у культуры антычнага Блізкага Усходу. Ад яе ў пэўных сітуацыях магло залежаць жыццё чалавека: ва ўмовах пустыні часам не было іншага выйсця, як толькі спадзявацца на дапамогу кагосьці, хто мог падзяліцца піццём і ежай.
У сённяшнім першым чытанні і Евангеллі мы бачым прыклады такой гасціннасці: Абрагам з паспехам імкнецца прыняць падарожных, якія праходзяць каля яго табару, і рыхтуе для іх найлепшае з таго, што мае, а Марта адкрывае дзверы свайго дома Езусу (і, найхутчэй, таксама апосталам, якія былі з Ім, хоць евангеліст не паведамляе дэталяў).
Аднак евангельскі эпізод становіцца месцам канфлікту: Марта мае крыўду супраць сваёй сястры Марыі, якая не дапамагае ёй, а проста слухае Настаўніка. Цікава было б кожнаму з нас задумацца, чый бок спантанна заняў бы я ў гэтай сітуацыі? Аб’ектыўна кажучы, Марта мела права разлічваць на дапамогу сястры. Марыя ж, здаецца, паводзіць сябе безадказна. Аднак Езус абараняе выбар Марыі не дзейнічаць актыўна, а проста слухаць Ягоныя словы.
Такім чынам Пан напэўна не абясцэньвае высілак Марты, але дае зразумець, што яна «турбуецца і клапоціцца пра многае» — занадта многае. (Грэчаскія дзеясловы тут маюць адценні менавіта турботы, трывогі, непакою.)
«А патрэбна толькі адно» — тое, што робіць Марыя, скіроўваючы ўсю сваю ўвагу на словы Езуса.
У нашу эпоху спакуса «турбавацца і клапаціцца пра многае», напэўна, яшчэ большая, бо наша цывілізацыя прапануе так шмат розных заняткаў і відаў дзейнасці, а з надыходам эры смартфонаў цяжка ўявіць, каб нам не было чым заняць сваю ўвагу. Таму сённяшні евангельскі аповед тым больш кідае нам выклік адносна таго, як мы размяркоўваем наш час, высілак і ўвагу, што мы лічым прыярытэтам у жыцці.
Канечне, ніхто з нас не можа сабе дазволіць усе дні праводзіць у малітоўным сузіранні ці медытацыі, кожны мае свае абавязкі і адказнасць, але калі мы штодзённа прынамсі крыху не пабудзем, як Марыя, каля ног Езуса, слухаючы Ягоныя словы, усе нашыя заняткі хутка згубяць сэнс і стануць прычынай расчаравання і ўзаемных прэтэнзій.
Прыняць Госця, які нясе дары
Час, свядома праведзены ў прысутнасці Пана, мы найчасцей называем «малітвай». Аднак часта паняцце малітвы, якое маюць вернікі, занадта вузкае: напрыклад, мала хто дазваляе сабе звяртацца да Бога не пры дапамозе тэкстаў, надрукаваных у малітоўніках, а проста сваімі словамі, расказваючы Яму тое, што з намі адбываецца, як сябе адчуваем, што нас непакоіць, а што радуе і за што мы ўдзячныя сёння, давяраючы Пану нашы памкненні і планы…
Але ў першую чаргу, як паказвае нам сёння Марыя, сястра Марты, у нашай штодзённасці павінна быць прастора для такой малітвы, дзе мы маглі б услухоўвацца ў Божае слова, якое праз веру ўспрымаем як слова заўсёды жывое і актуальнае для нас у кожны час.
Гаворка не пра тое, каб «вывучыць», што там напісана ў Бібліі нібыта ў падручніку, але практыкавацца ў веры, што, слухаючы словы Пісанняў, я адкрываюся на Божую прысутнасць і збаўчае дзеянне, якое скіравана вельмі асабіста да мяне, а не абстрактна «да ўсіх». Тады я прымаю Пана як Госця ў маім сэрцы, у глыбіні майго існавання, дзе — трэба шчыра прызнаць — у мяне самога вельмі абмежаваныя магчымасці штосьці змяняць на лепшае. А Пан — вельмі асаблівы госць: сённяшні аповед з кнігі Быцця яскрава паказвае, як Абрагам, гасцінна прымаючы Божых пасланцоў, атрымлівае абяцанне, што Сарра, яго бясплодная жонка, будзе мець сына.
Бог ніколі не прыходзіць без дароў, хоць мы не заўсёды іх адчуваем ці распазнаём. «Пан заўсёды здзіўляе нас: калі мы сапраўды слухаем Яго, хмары знікаюць, сумненні саступаюць месца праўдзе, страхі — спакою, а шматлікія жыццёвыя сітуацыі знаходзяць сваё належнае месца. Пан усё выпраўляе», — каментуе Папа Францішак таямніцу Божых адведзінаў. Гэтай таямніцай, як кажа ў другім чытанні апостал Павел, «ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы».
Спасцігнуць таямніцу Божага аб’яўлення, Божага прыйсця ў гэты свет — якое не абмежавана перыядам зямнога жыцця Езуса Хрыста, але доўжыцца і пасля Яго Унебаўшэсця, бо Ён не перастае быць прысутным для нас у сваёй славе — мы не можам звычайным высілкам нашага розуму, але толькі ў малітоўным маўчанні, дазваляючы Святому Духу вучыць нас «усялякай мудрасці». Гэтак, як вучні прасілі Езуса: «Пане, навучы нас маліцца», мы няспынна павінны прасіць аб здольнасці прабываць у Божай прысутнасці, чуць Яго і з усёй шчырасцю звяртацца да Яго ў глыбіні сэрца.
Выбіраць не проста добрае, а лепшае
Калі ў нашым жыцці ёсць час і прастора для таго, каб пабыць сам-насам з Богам, тады наша дзейнасць і ўсе заняткі набываюць новую якасць, тады наш высілак становіцца не проста неабходнасцю зарабіць сабе на жыццё ці неяк «выжыць», а ператвараецца ў частку будоўлі Божага Валадарства. Пан прамаўляе да нас не толькі праз Пісанне, але і праз Кнігу Стварэння, якую Ён не перастае пісаць сваім Провідам і ў дэталях нашай сённяшняй рэчаіснасці.
Пад канец кожнага дня варта хоць бы коратка рабіць малітоўнае практыкаванне, азіраючыся на свой досвед і стараючыся з дапамогай святла Духа Святога ўбачыць, як Бог прысутнічаў і дзейнічаў вакол мяне, ува мне і праз мяне ў гэты дзень, а таксама разважаючы, як заўтра я магу яшчэ лепш супрацоўнічаць з Божай ласкай, каб мае думкі, словы і ўчынкі былі прасякнутыя любоўю — матэрыялам будоўлі Божага Валадарства.
Наш выбар — не паміж дрэнным і добрым, а паміж добрым і лепшым: тым, што найбольш адпавядае нашаму пакліканню як умілаваных дзяцей Божых, як вучняў Езуса, як супрацоўнікаў у справе збаўлення свету.
Няхай кожны дзень мы будзем праводзіць неабходны час, каб насычацца Божай любячай прысутнасцю, а затым з радасцю і энтузіязмам дзейнічаць дзеля Ягонай славы. Амэн.