Пошук

25.06.2022 00:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Flevit super illam. Мастак Энрыкэ Сімонэ

1 чыт.: 1 Вал 19, 16b. 19–21;
Пс 16 (15), 1–2a і 5. 7–8. 9–10. 11;
2 чыт.: Гал 5, 1. 13–18;
Ев.: Лк 9, 51–62

Рашэнне ў глыбіні Сэрца Езуса

Сённяшняе Евангелле кажа нам пра паваротны момант для Езуса: «Ён цверда вырашыў ісці ў Ерузалем», і рэшта аповеду евангеліста Лукі будзе пра гэты шлях у святы горад і «зыход» Хрыста (пар. Лк 9, 31), што там адбудзецца. У мінулую нядзелю мы чулі, як Езус прадказвае свае мукі, смерць і ўваскрасенне, сёння ж даведваемся, дзе гэта станецца: «бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам» (Лк 13, 33).

Такім чынам, вельмі рана паводле Лукі пачынаецца гэты фінальны этап дзейнасці Хрыста, які вядзе Яго да мэты — Ягонага «ўзнясення» (Лк 9, 51): не проста фізічнага ўнебаўшэсця, а праслаўлення, вяртання ў хвалу Айца. І адразу мы даведваемся, што на гэтым шляху Езуса — і Ягоных спадарожнікаў разам з Ім — чакае досвед непрыняцця. Аднак Настаўнік гатовы да гэтага: Ён не рэагуе так, як «сыны грому» Якуб і Ян, не дазваляе, каб гэты досвед перашкодзіў Яму заставацца засяроджаным на мэце, і ўказвае на выйсце — пайсці ў іншае месца, дзе іх прымуць.

Ісці за Езусам азначае падобным чынам спазнаць непрыняцце, і гэты эпізод дапамагае нам усвядоміць, што такі досвед — гэта не «канец свету»; што неабавязкова растрачваць сваю энергію на абурэнне і гнеў, «зацыклівацца» на негатыве.

Няма чаго хаваць: мы часта паводзім сябе як вучні Якуб і Ян, гатовыя спаслаць агонь з неба на тых, хто з намі не згаджаецца ці хто паводзіць сябе не так, як нам хочацца. Прызнаемся, што яшчэ вельмі часта мы паступаем зусім не так, як вучыць нас Настаўнік, і не паводле Ягонага прыкладу, не прымаем Ягонае бачанне і стаўленне — а значыць, як Яну і Якубу і астатнім, нам яшчэ шмат чаму трэба вучыцца.

Быць вучнямі Езуса — наша тоеснасць як хрысціянаў, і гэта даслоўна азначае вучыцца ў Яго, глядзець на Яго прыклад, прасіць, каб паказаў нам шлях мудрасці.

У асабістай размове-малітве нам варта спытацца Езуса, «ціхага і пакорнага сэрцам», што з’яўляецца крыніцай Ягонага спакою, умення рэагаваць без абурэння, прымаючы непазбежныя цяжкасці шляху? У Сэрцы Езуса, «у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці», знойдзем адказы на нашыя пытанні пра тое, як нам жыць як грамадзянам Валадарства Нябеснага, не дазваляючы, каб дробязі адцягвалі нас ад мэты.

Ісці за Настаўнікам дарогай вечнасці

Быць вучнямі Езуса — гэта, інакш кажучы, «ісці за Ім». Грэчаскі дзеяслоў ἀκολουθέω даслоўна азначае «быць у дарозе». Наша жыццё — гэта шлях, і ад нас залежыць, да якой мэты мы імкнемся: ці хочам, як Езус, быць «узнесенымі» да хвалы Божага Валадарства, ці бачым сэнс толькі ў зямных рэчах, якія «моль і ржа знішчаюць» (пар. Мц 6, 19).

Калі глядзім на Езуса, які прымае цвёрдае рашэнне ісці да сваёй мэты, кожны з нас сёння таксама можа задацца пытаннем наконт кірунку свайго шляху, гатоўнасці і рашучасці ісці па ім — і самае галоўнае, ці гэта сапраўды падарожжа разам з нашым Збаўцам, у камуніі з Ім.

Наш Настаўнік і гэтым разам не хавае патрабавання наследаваць Яго: з працягу сённяшняга евангельскага ўрыўку даведваемся, што кажа Хрыстус розным людзям, якія самі хочуць ці Ён іх заклікае ісці за Ім. Варта пастарацца ўбачыць сябе ў гэтых персанажах, бо Евангелле, жывое слова Хрыста, кажа і пра нас, пра наш духоўны шлях. І тут няма патрэбы выбіраць паміж суразмоўцамі Езуса, бо на розных этапах і ў розныя моманты мы можам ідэнтыфікаваць сябе з кожным з іх.

«Я пайду за Табой, куды б Ты ні пайшоў!» — гэты вокліч, поўны энтузіязму, напэўна, адпавядае таму першапачатковаму парыву і запалу, калі адкрыццё праўды і прыгажосці Хрыста прываблівае чалавека і любыя цяжкасці здаюцца лёгкімі, калі, здаецца, нішто не здолее паўстрымаць нас у наследаванні ўцелаўлёнага Сына Божага. Такі досвед неабходны нам, каб Бог прыцягнуў нас на дарогу вечнасці, хоць на гэтым этапе ёсць шмат наіўнасці і ідэалізму.

Паступова тыя, хто ўступае на гэты шлях, разумеюць, што не ад нашых сілаў, якасцяў, цнотаў залежыць заставацца вернымі Таму, за кім ідзем, а ад Ягонай ласкі і вернасці.

Часам сярод жыццёвых выпрабаванняў сапраўды адчуваем, нібыта не маем, дзе схіліць галаву, падобна Сыну Чалавечаму, які таксама не меў «нораў і гнёздаў», які быў не зразуметы і адкінуты — але ўсё ж выбіраем заставацца з Ім, бо ведаем, што ніякая іншая рэчаіснасць не задаволіць нашу патрэбу Бога.

У іншыя моманты вельмі востра адчуваем, наколькі мы несвабодныя ад чалавечых прывязанасцяў: так, як іншыя двое, якіх кліча Езус. За такімі, здаецца, гіпербалічнымі патрабаваннямі — бо ўсё ж вельмі рэдка здараецца, што камусьці даводзіцца выбіраць паміж наказам аддаць пашану памерлым родным і тэрміновасцю абвяшчэння Божага Валадарства — у словах Езуса хаваецца прынцып абсалютнага прыярытэту выбару на карысць Пана. Але разам з ім гучыць таксама заклік да навяртання, да змены нашага ўспрымання сэнсу жыцця, міжчалавечых сувязяў і смерці: жыцця, якое павінна быць «загублена» дзеля Евангелля, а не «ўратавана» дзеля ўласнай карысці; адносінаў, якія не павінны быць «нарой», у якой хаваюцца ад выклікаў жыцця, а сумесным падарожжам да праўды; смерці, якая ў фізічным праяўленні ёсць толькі пераходам да вечнасці, але мае і нашмат горшую, духоўную форму — непрыняцця Божай праўды і Хрыстовага закліку.

Няхай мы сёння нанава пачуем і не будзем абыякавымі на заклік Езуса ісці за Ім — ісці дарогай праўды, аўтэнтычнай свабоды і прыгажосці. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця