1 чыт.: Прып 8, 22–31;
Пс 8, 4–5. 6–7. 8–9;
2 чыт.: Рым 5, 1–5;
Ев.: Ян 16, 12–15
Бог — Таямніца любові
Невыпадкова ў літургіі мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы пасля святкавання Спаслання Духа Святога ў папярэднюю нядзелю. Для таго, каб увайсці ў таямніцу Бога, адзінага ў трох Асобах, нам патрэбны дар Духа, святло ласкі Божай. У сённяшнім Евангеллі Езус прадказвае прыйсце «Духа праўды, які навучыць вас усёй праўдзе»: без Яго мы не здольныя хоць штосьці зразумець пра Крыніцу ўсяго існага.
Нам патрэбная пакора, калі мы стараемся пазнаць і патлумачыць штосьці пра Бога.
Абмежаванасць магчымасцяў нашага розуму і, адпаведна, неабходнасць пакоры, зрэшты, становяцца відавочнымі ўсё больш, калі мы пазнаём Сусвет, у якім жывём: чым больш чалавек адкрывае новага, тым больш нараджаецца пытанняў.
Але і тое, што ёсць чалавек, таксама застаецца таямніцай для нас саміх, асабліва, калі гаворка не пра нейкія павярхоўныя рэчы, а пра глыбінную, духоўную сутнасць чалавечай істоты. І як можа быць інакш, калі мы не толькі створаныя «на вобраз і падабенства» Бога, але сам Бог-Сын прыняў на Сябе нашую прыроду?
Дух Святы сваёй прысутнасцю не толькі асвятляе розум, даючы пэўнае разуменне, але перамяняе нас у самай глыбіні істоты, бо сапраўднае пазнанне Бога не можа пакінуць нас такімі, якімі мы былі дагэтуль. Як тлумачыць святы Павел у другім чытанні, праз веру мы атрымліваем ласку «надзеі на славу Божую» — гэта значыць на наш удзел у боскасці, і гэтая надзея «не асароміць», не расчаруе, «бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам».
Досвед Божай любові дае нам упэўненасць, што мы не «застанемся сіротамі» (пар. Ян 14, 18), не будзем пакінутыя, бо нам дадзены «Эмануэль, што значыць Бог-з-намі» (пар. Іс 7, 14 ); напаўняе верай, што наша жыццё не будзе мець канца, бо любоў трывае вечна.
Толькі досвед безумоўнай міласэрнай любові здольны вызваліць нас ад страху смерці, сораму, адзіноты і болю.
Сын адкрывае Айца
«Дух праўды навучыць вас усёй праўдзе <…> ад Майго возьме і абвесціць вам», — абяцае Езус. Праўда, якую адкрывае Дух Святы, Суцяшыцель, — гэта не нейкі «набор ісцін», а Асоба, якая сказала пра сябе: «Я — дарога, і праўда, і жыццё», і «ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).
Вопыт пазнання Бога як Тройцы нараджаецца не з высноваў нашага розуму, але дзякуючы таму, што Божы Сын прыходзіць у наш свет і яўляе нечуваную навіну, якая пераварочвае монатэістычны светапогляд Ізраэля: Бог — гэта не «манада», не адна самадастатковая асоба, але адзінства трох Асобаў.
Сённяшняе першае чытанне нібыта прыадкрывае заслону гэтай таямніцы, кажучы пра Мудрасць Божую, якая з’яўляецца не проста цудоўнай якасцю Пана ўсяго існага, але асобай, з якой узаемадзейнічае Стварыцель, у якой знаходзіць упадабанне, якая «весялілася перад Яго абліччам увесь час». Хрысціянскія багасловы вельмі хутка прыйшлі да высновы, што такім чынам Стары Запавет прадказвае праўду, якая ў паўнаце адкрыецца, калі Спрадвечнае Слова станецца Целам і аб’явіць сутнасць Бога, які ёсць Айцец, Яго Умілаваны Сын, праз якога ўсё створана, і іх узаемны подых любові — Дух Святы.
Калі евангеліст Ян абвяшчае, што «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (даслоўна: паставіла шацёр свой сярод нас — Ян 1, 14), ён выкарыстоўвае тое ж слова, што мы знаходзім у іншым старазапаветным тэксце, які кажа пра Божую Мудрасць: яна «ставіць свой шацёр» у Ізраэлі (пар. Сір 24, 8). Езус, Уцелаўлёнае Слова, Спрадвечная Мудрасць, Умілаваны Сын — намашчаны (Месія) Духам Святым, каб паказаць нам аблічча Айца. Той, паводле вобразу якога мы створаныя, адкрывае, што і мы — умілаваныя дзеці Айца. Праз Яго, які жыве дзякуючы любові «Аббы — Таты», мы пазнаём сваю тоеснасць сыноў і дачок Бога, і таксама Пан Езус нам адкрывае, што мы — вучні Бога, бо атрымалі ў дар Евангелле, слова жыцця, і ласку Духа, які навучыць нас «ўсёй праўдзе» (Ян 16, 13).
Створаныя паводле вобразу Бога
Бог, аб’яўлены нам Езусам, — гэта ўзаемаадносіны: узаемны дар і любоў Айца, Сына і Духа адно аднаму. Мы, створаныя паводле вобразу Божага, — таксама не «манады», не самадастатковыя арганізмы, а створаныя дзеля ўзаемаадносінаў, дзеля сувязі з іншымі. На самым пачатку стварэння Бог кажа: «Не добра, каб чалавек быў адзін» (Быц 2, 18).
Сэнс нашага існавання — рэалізаваць нашую сутнасць Божых дзяцей у любові і адзінстве з іншымі.
Гэтая праўда адлюстроўваецца праз тое, што мы прыходзім у гэты свет дзякуючы сувязі дзвюх асобаў, якія ў ідэале любяць адзін аднаго, і менавіта такім чынам іх любоў становіцца пладавітай. Папа Францішак піша ў адгартацыі «Amoris lætitia»: «Трыадзіны Бог — гэта камунія любові, а сям’я — яе жывое адлюстраванне. <…> Таму сям’я — гэта не штосьці чужое самой сутнасці Бога. Сям’я — гэта вобраз Бога, які <…> з’яўляецца еднасцю асобаў» (AL 11).
Аднак не толькі адносіны паміж мужам і жонкай павінны перарастаць у нешта большае, чым іх узаемная асалода, то бок быць скіраванымі на новае жыццё, але таксама іншыя чалавечыя адносіны — напрыклад, сяброўства, прыналежнасць да нейкіх груп ці арганізацый, — маюць патэнцыял не толькі сілкаваць нас, але і нараджаць нешта новае і прыгожае, што служыць развіццю Божага жыцця, што дапамагае ўзрастанню Божага Валадарства.
Святкуючы сёння таямніцу Айца, Сына і Духа Святога — Бога, які ёсць повяззю ўзаемнай і дасканалай любові, будзем імкнуцца жыць гэтай любоўю і адлюстроўваць яе ва ўсіх нашых адносінах. Амэн.