Пошук

19.02.2022 09:03   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Хрыстус паміж двума катамі. Мастак Луіс дэ Маралес / Wikipedia.org

1 чыт.: 1 Сам 26, 2. 7–9. 12–13. 22–23;
Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8 і 10. 12–13;
2 чыт.: 1 Кар 15, 45–49;
Ев.: Лк 6, 27–38

Любіць ворагаў — чаму?

Любіць ворагаў, рабіць дабро тым, хто нас ненавідзіць, благаслаўляць тых, хто праклінае, маліцца за тых, хто крыўдзіць…

Сённяшняе евангельскае пасланне можа гучаць як заклік да чагосьці немагчымага, як нешта цалкам чужое і далёкае ад рэчаіснасці адносінаў паміж людзьмі — як рэцэпт пэўнай паразы ў гэтым свеце, дзе трэба ўмець «прабіцца», пастаяць за сябе. Можа здацца, што тут сабраныя ўказанні для «слабакоў», у якіх няма іншага выбару, як змірыцца са сваім падпарадкаваным становішчам. Хтосьці катэгарычна не згодзіцца з гэтымі словамі, бо жадае актыўна супрацьстаяць злу: маўляў, як такім чынам можна перамагчы насілле, калі не асуджаць яго і не супрацьдзейнічаць усімі сіламі?

Вучэнне Езуса асабліва востра гучыць у нашых сённяшніх абставінах, калі існуе глыбокі падзел у грамадстве паміж прадстаўнікамі розных пазіцый наконт справядлівасці ў соцыуме.

Ці словы Хрыста адносяцца толькі да асабістага стаўлення асобных людзей у коле іх прыватных адносін, ці гаворка пра ўніверсальны закон, які датычыцца і вялікіх сацыяльных групаў людзей? І, магчыма, асноўнае пытанне: чаму трэба паводзіць сябе менавіта такім чынам, чаму яно так «задумана»?

Задаваць усе гэтыя пытанні мы маем не толькі права, але, я б сказаў, і абавязак, бо вучням Хрыста варта добра спасцігнуць тое, што можна назваць самым сэрцам Евангелля нашага Пана і Збаўцы. Адначасова нам трэба спытацца ў сябе: наколькі мы гатовыя пайсці далей, чым нашая звычайная логіка; прыняць перспектыву, значна шырэйшую за «норму», да якой мы прызвычаіліся?

У гэтым урыўку «казання на раўніне» гаворка не толькі пра сэрца вучэння Езуса, але і пра сутнасць таго, што сам Збаўца ўчыніць, калі будзе прыбіты да крыжа.

Езус апісвае сваё уласнае стаўленне і спосаб паводзінаў, запрашаючы вучняў імкнуцца быць падобнымі да Яго.

Гэта вобраз «новага Адама», «нябеснага чалавека», пра якога кажа святы Павел: Езус, Сын Божы і Сын Чалавечы, адкрывае шлях падабенства да самога Бога і кліча нас ісці па ім, каб быць дочкамі і «сынамі Найвышэйшага».

Быць міласэрнымі, бо самі маем патрэбу ў міласэрнасці

«Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны»: вось ключ падабенства да Бога. Крыху ж раней Хрыстус кажа: «Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі». Гэта «залатое правіла» дапамагае ўсвядоміць, што ў тых сітуацыях, дзе мы паказваем сябе не з найлепшага боку, нам, напэўна, хацелася б сустрэцца з міласэрнасцю і прабачэннем іншых, а не са строгасцю і асуджэннем.

Варта зрабіць наступнае практыкаванне: успомніць нейкі выпадак, дзе мы павялі сябе дрэнна, нават вельмі дрэнна, парушаючы нашыя маральныя перакананні; можа, здрадзілі іншай асобе. І далей усвядоміць, якую моцную патрэбу ў прабачэнні мелі мы тады, каб нашая віна была адпушчана, забыта.

«Якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана», — кажа Езус.

Мы становімся здольнымі прабачаць і аказваць міласэрнасць тады, калі добра ўсведамляем уласную патрэбу ў такім жа стаўленні іншага — і ў першую чаргу Іншага, супраць каго грашым кожны раз, калі адмаўляемся ад нашай годнасці сыноў і дачок Найвышэйшага, лёгка прадаючы яе за крыху таннага задавальнення.

Прабачэнне — сапраўднае новае стварэнне, вяртанне да жыцця ў новай якасці, магчымае толькі моцы Бога. Прабачаць значыць паводзіць сябе па-Божаму, дазваляць Божай моцы праяўляцца ў нашай чалавечай крохкасці. «У свабодным і шчырым прабачэнні ёсць высакароднасць, якая адлюстроўвае бясконцасць Божага прабачэння», — піша Папа Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti (п. 250).

Прабачыць — не ігнараваць і не забыць

У той жа энцыкліцы знаходзім вельмі праніклівы каментар да таго, што азначае — і чаму не раўняецца — прабачэнне паводле Евангелля. (Варта перачытаць пп. 241–252 энцыклікі Fratelli tutti, каб лепш зразумець і засвоіць словы Езуса, якія чуем сёння.) У першую чаргу Папа сцвярджае, што «любіць прыгнятальніка не азначае дазваляць яму працягваць прыгнятаць нас ці дазваляць яму думаць, што ягоныя ўчынкі з’яўляюцца прымальнымі. Наадварот, сапраўдная любоў да такога чалавека стараецца знайсці спосаб, каб прымусіць яго спыніць прыгнёт; пазбавіць яго той улады, якой ён не здольны карыстацца, і якая нішчыць яго чалавечнасць» (п. 241).

Папа Францішак піша далей:

«Прабачэнне не дае дазволу працягваць таптаць уласную годнасць і годнасць іншых людзей, ані дазволу злачынцам працягваць крыўдзіць людзей. Калі злачынец нанёс крыўду мне ці дарагой мне асобе, ніхто не можа забараніць мне патрабаваць справядлівасці і паклапаціцца, каб гэты чалавек — ці хто-небудзь яшчэ — не пакрыўдзіў мяне зноў або не ўчыніў падобнай шкоды іншым» (тамсама). Такім чынам, прабачэнне не азначае пасіўнасці перад абліччам насілля, але патрабуе назваць зло па імені і ўсялякімі магчымымі сродкамі супрацьстаяць яму.

Па-другое, «прабачыць не азначае забыцца <…>. Тыя, хто сапраўды прабачае, не забываюць. Яны адмаўляюцца ад падпарадкавання той самай разбуральнай сіле, якая прычыніла ім столькі болю <…> Яны вырашаюць не прывіваць грамадству дух помсты, які рана ці позна вернецца да іх назад» (пп. 250–251).

Калі ідзе гаворка пра прымірэнне на ўзроўні грамадства, бадай што яшчэ больш важным становіцца застасаванне правіла «аддзяліць грэх ад грэшніка». Мы не маем права судзіць чалавека, бо ніколі не ведаем да канца, якія траўмы, боль ці ўнутраны канфлікт стаяць за ягонымі паводзінамі. Але маем не проста права, але і абавязак асуджаць зло, якое чыніць іншая асоба, нават калі гэта нам «нязручна» і складана. Якую форму прыме гэтае асуджэнне — іншае пытанне і справа разважлівага распазнавання.

Узгадаем яшчэ раз словы Марціна Лютэра Кінга, якога цытуе Папа Францішак у сваёй адгартацыі Amoris titia: «Калі дасягнеш узроўню любові, яе вялікай прыгажосці і моцы, то хочаш толькі перамагчы дрэнныя сістэмы. Ты любіш людзей, уцягнутых у гэтую сістэму, любіш, але стараешся перамагчы гэтую сістэму. Нянавісць дзеля нянавісці толькі ўмацоўвае існаванне нянавісці і зла ў сусвеце. Чалавек моцны — гэта асоба, якая здольная разарваць ланцуг нянавісці, ланцуг зла. Хтосьці павінен мець дастаткова веры і маральнасці, каб перарваць яго і прыўнесці ў структуру сусвету гэты моцны і магутны элемент любові» (AL 118).

Хрысціянская любоў, міласэрнасць, прабачэнне — не слабасць, а, наадварот, сапраўдная моц, здольная перамяняць жыццё асобных людзей і цэлых грамадстваў.

Няхай мы сёння адкрыемся гэтай моцы, якая паходзіць ад Духа Святога, каб быць Божымі сведкамі ў гэтым параненым свеце. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця