Пошук

10.07.2021 10:11   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Цуд са статырам. Фрагмент. Мастак Мазаччо (Тамазо дзі Джаванні)

1 чыт.: Ам 7, 12–15;
Пс 85 (84), 9ab–10. 11–12. 13–14;
2 чыт.: Эф 1, 3–14;
Ев.: Мк 6, 7–13

Пасланыя ў свет з місіяй, як Езус

У сённяшнім евангельскім эпізодзе для дванаццаці вучняў Езуса прыйшоў момант першай «душпастырскай практыкі». Пэўны час яны былі побач са сваім Настаўнікам, назіраючы за Яго «стылем», спосабам дзеяння, слухаючы Ягоныя прамовы і становячыся сведкамі той аздараўляльнай і вызваляючай моцы, якая дзейнічала ў Ім. Цяпер жа самі вучні атрымліваюць уладу над нячыстымі духамі, маюць здольнасць вылечваць хваробы!

Цікава пастарацца ўявіць, што б мы адчувалі на іх месцы: хваляванне, прадчуванне прыгоды, адказнасць (і разам з ёй, магчыма, боязь не справіцца), ганарлівасць у сувязі з такім важным даручэннем…

Тэкст сённяшняга ўрыўка кажа, што Езус «пачаў» высылаць вучняў па двое: той момант сапраўды быў толькі пачаткам вялікай місіі, якую будуць здзяйсняць вернікі Хрыста на працягу стагоддзяў пасля тых першых апосталаў.

Нам варта памятаць, што верыць у Хрыста значыць быць Ягоным вучнем, а гэта, у сваю чаргу, азначае атрымаць заданне сведчыць пра Яго, быць пасланым, каб рабіць тое, што рабіў наш Пан. У апошнія дзесяцігоддзі ў Касцёле падкрэсліваецца тая праўда, што гэтая місія — справа не толькі нешматлікіх выбраных (святароў, кансэкраваных асобаў), але кожны вернік атрымлівае такую ўладу і адказнасць — па-свойму быць пасланым у гэты свет, у сваё асяроддзе, у першую чаргу да найбольш блізкіх асобаў, каб быць сведкам Евангелля.

Напэўна, знойдзецца мноства прычын, каб лічыць сябе не гатовымі да гэтага: нявартымі такога высокага задання, недастаткова ўмелымі, занадта занятымі іншымі справамі…

Але гаворка перадусім не пра нашыя ўменні і здольнасці, а пра той дар, які Пан жадае даверыць нам, «гліняным начынням» (пар. 2 Кар 4, 7), робячы нас праваднікамі сваёй моцы. Наша вера, наша сустрэча з Езусам не можа не перамяняць нас, ствараючы новую ідэнтычнасць, новую асобу. Канечне, пустым будзе сведчанне пра тое, што мы самі не перажылі, бо «вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (Мц 12, 34).

Таму нам перадусім неабходна быць у жывых адносінах з нашым Настаўнікам і Збаўцам, быць адкрытымі для няспыннага навяртання і спазнаваць Яго дзеянне: аздараўленне хваробаў нашай душы і цела, вызваленне ад моцы зла.

У першым чытанні мы чуем, як прарок Амос тлумачыць святару Амасіі, які праганяе яго з Бэтэля за тое, што той прарочыць і абвяшчае невыгодныя і непрыемныя рэчы для тых, хто трымае ў сваіх руках палітычную і рэлігійную ўладу: прарок кажа, што не ён сам сабе прыдумаў такое заданне, бо быў простым пастухом і збіральнікам сікамораў. Але Пан наказаў яму і паслаў прарочыць, перадаючы народу Божую волю. Гэта досвед кожнага, хто становіцца на шлях служэння Богу і абвяшчэння Божых словаў: ініцыятыва належыць Пану: гэта Ён кліча і адначасова дае натхненне і сілы для сведчання. Нам жа трэба вучыцца чуць гэты голас, не хавацца ад яго ў сваім маленькім закрытым свеце.

«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас», — кажа Езус вучням пасля свайго ўваскрасення (Ян 20, 21). Гэтыя словы адлюстроўваюць у асобе Божага Сына нашу тоеснасць менавіта як тых, хто пасланыя са скарбам, большым за нас саміх. Узгадаем, што яны «зашыфраваныя» ў сакрамэнце нашай нядзельнай сустрэчы з Панам.

На лаціне назва Missa (Імша) узята ад апошняга звароту святара да вернікаў: Ite, missa est, што можна перакласці як: «Ідзіце, вы — пасланцы». Кожнаму з нас варта сёння задаць гэтае пытанне: «Пане, куды, як і да каго ты пасылаеш мяне сёння?»

Стыль місіі вучняў Хрыста

Езус дае дакладныя ўказанні пра тое, якім павінен быць «стыль» пасланых вучняў. У першую чаргу, гэта сціпласць сродкаў: яны не павінны браць анічога лішняга. Нават для тых з нас, хто прайшоў не адну сотню кіламетраў у пілігрымках, такія патрабаванні «мінімалізму» могуць здацца перабольшваннем. Пан жадае, каб нішто не адцягвала вучняў ад іх галоўнай мэты, але адначасова дае ім шанц адчуць клопат Нябеснага Айца праз людскую гасціннасць.

Гэтыя парады Езуса сёння напэўна могуць паслужыць нам як перасцярога, каб не станавіцца закладнікамі шматлікіх тэхналагічных сродкаў і працэдур, якія палягчаюць нам жыццё, але таксама адбіраюць нашу свабоду.

Як жа часта, на жаль, нашыя чалавечыя сродкі пачынаюць засланяць мэту, да якой яны павінны дапамагаць імкнуцца! Тыя ж рэчы, якія Езус дазваляе ўзяць вучням, сімвалізуюць пасхальны характар іх падарожжа: сандалі на нагах, кій у руцэ і падпяразаная поясам вопратка: гэта ўказанні, якія атрымалі ізраэльцяне для спажывання Пасхі перад зыходам з Егіпту (пар. Зых 12, 11). Быць пасланым праз Езуса значыць памятаць, што мы з’яўляемся пілігрымамі на шляху да Зямлі Абяцанай, да нашай сапраўднай Айчыны ў небе.

У словах Пана гучыць яшчэ адна перасцярога: вучні могуць сустрэцца з непрыманнем з боку некаторых людзей — і нават дакладна з гэтым сутыкнуцца. Як мы бачылі ў мінулую нядзелю, гэты быў досвед і самога Езуса.

На такі выпадак Настаўнік таксама дае дакладныя ўказанні: «абтрэсці пыл з ног вашых» — гэта сімвалічны знак для іншага чалавека, ён пазбаўлены агрэсіі і, напэўна, не закрывае ўсіх дзвярэй на будучыню. Але адначасова гэта вельмі важны знак для самога вучня: «пакінуць у мінулым» гэты досвед, не дазволіць, каб такая «няўдача» пазбавіла энтузіязму і веры ў ягоную справу.

Надта часта здараецца, што негатыўнае меркаванне іншых людзей пра нас і тое, што мы лічым важным, уплывае на наш настрой і адбірае жаданне дзейнічаць. Менавіта ад такіх наступстваў хоча абараніць сваіх пасланцоў наш Настаўнік.

Нават калі мы не атрымалі здольнасці выконваць экзарцызмы ці цудоўным чынам вылечваць фізічныя хваробы, кожны з нас мае ў сваім распараджэнні сродкі, якія могуць чыніць цуды, калі толькі захочам імі карыстацца і быць дастаткова цярплівымі. Калі праз нас, праз нашыя рукі і вусны да нашага бліжняга цячэ струмень увагі, дабрыні, апекі — інакш кажучы, калі мы становімся пасрэднікамі Божай любові, дзелячыся тым матэрыяльным ці фізічным дарам, што самі атрымалі са шчодрых рук Айца, — гаючая боская ўлада дзейнічае ў нас. Пачнём з гэтых сродкаў, і, магчыма, Пан даверыць нам і большае.

Абноўлена 10.07.2021 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця