Пошук

04.07.2020 08:18   А. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: Зах 9, 9–10;
Пс 145 (144), 1–2. 8–9. 10–11. 13cd–14 (Р.: пар. 1).
2 чыт.: Рым 8, 9. 11–13.
Ев.: Мц 11, 25–30

Пранікнуць у глыбіню Сэрца Езуса

Сённяшняе Евангелле дае нам вельмі асаблівую магчымасць паглядзець у глыбіню асобы Езуса — у самае Яго Сэрца. Урывак, які чытаем у літургіі, у кантэксце Евангелля ад Мацвея гучыць крыху неспадзявана, бо ён не вельмі звязаны ані з тым, што адбываеца перад ім, ані з тым, што ідзе пасля. Гэта быццам спантанныя словы нашага Пана, якія актуальныя ў любых акалічнасцях, бо сапраўды адкрываюць тое, адкуль бяруць пачатак усе Яго думкі, словы і дзеянні.

Праслаўленне Айца, якое ў гэтым урыўку гучыць уголас, заўсёды ў Сэрцы Сына, як і ўсведамленне Сына, што Яны звязаныя неразрыўна ў самай глыбіні Іх Асобаў: «усё перададзена Мне Айцом Маім...» У біблійным разуменні сэрца — гэта цэнтр асобы, з акцэнтам на тое, што яно — месца, дзе адбываецца выбар, дзе прымаюцца рашэнні. Тое, што адбываецца ў сэрцы, акрэслівае накірунак, у якім рухаецца асоба.

Памятаючы аб гэтым, сцвярджаем, што Езус заўсёды робіць выбар, зыходзячы са Сваёй сувязі з Айцом.

Можна сказаць, што Ён наследуе Айца — у тым ліку тады, калі кажа: «Я ціхі і пакорны сэрцам». Гэтае сцвярджэнне вымушае нас задумацца над тым, як мы ўспрымаем Бога і Яго спосаб дзеяння адносна нас. Мы вызнаем Бога Айца Усемагутнага, які трымае ўсю моц у Сваіх руках — але гэта моц, якая стварае і будуе, а не забівае ці нішчыць. Зло, якое супрацьстаіць Божай добрай волі, у рэшце рэшт само сябе руйнуе. Езус яўляе твар Айца, які лагодны ў Сваёй міласэрнасці, спагадзе, доўгацярплівасці (пар. Пс 103/102) –— нават пяшчоце, як часта падкрэслівае Папа Францішак. Бог «паважае» крохкасць свайго стварэння — і ў Сваёй усемагутнасці ўмее быць «ціхі і пакорны».

Пакора і цвёрдасць

У нашай рэлігійнай мове ёсць шмат непаразумення наконт значэння пакоры. Мы ўспрымаем пакору як маўчанне і мяккасць — ці хутчэй як мяккацеласць, падатлівасць пад любыя ўплывы, бесхарактарнасць. Калі ўважліва прачытаць Евангелле, становіцца відавочна, што Езус быў зусім не такі. Нават непасрэдна перад сённяшнім урыўкам у Евангеллі ад Мацвея знойдзем у словах Езуса не мяккасць ці лагоднасць, а цвёрдасць і прамату, калі Пан дакарае гарады, якія не прымаюць Яго закліку да пакаяння.

Сутнасць пакоры — не ў мяккацеласці, а ў прызнанні свайго ўласцівага месца перед Богам і адпаведна ў гэтым свеце.

Езус пакорны, бо прызнае, што ўсё атрымаў ад Айца, — але адначасова ведае, што Айцец усё аддаў Яму. Мы вельмі часта шукаем пацвярджэння нашай вартасці праз сілу, праз імкненне даказаць іншым нашу перавагу, праз розныя спосабы яўна і няяўна кантраляваць іншых людзей і абставіны. Але такі пошук ніколі не здольны прынесці задавальненне, бо абапіраецца на хлусню, а не на крыніцу нашай сапраўднай велічы як дзяцей Божых, якія носяць Яго вобраз, як партнёраў нашага Айца ў справе набліжэння Божага Валадарства.

Езус, Сын Божы і Сын Чалавечы, паказвае нам шлях сапраўднай пакоры, бо Ён не разумее Сваё пасланніцтва як вайну супраць кагосьці, апроч зла і «айца зла» — д’ябла, але адначасова цвёрда трымаецца той місіі, дзеля якой прыйшоў: паказаць людзям Твар Айца, адкрыць дарогу да вечнага жыцця і сабраць у адзіную сям’ю ўсіх Божых дзяцей. Цвёрдасць — не тое самае, што агрэсія, насілле і гвалт. Езус споўніць прароцтва Захарыі, якое чуем у сённяшнім першым чытанні: Ён, кароль-Месія, прыходзіць не з ваеннай моцай, а з моцай Божай праўды, і менавіта гэтая моц знішчыць «баявы лук і калясніцы», сімвалы насілля. Цвёрдасць Езуса — гэта цвёрдасць праўды, адзінай сапраўднай апоры для чалавечага жыцця.

Слодыч ярма

Езус заклікае нас прыйсці да Яго, калі мы спрацаваныя і абцяжараныя. Можа, для многіх з нас у гэты час гэты заклік гучыць вельмі актуальна, асабліва калі ў нас яшчэ не атрымалася пайсці ў адпачынак. Але Езус кажа не толькі пра фізічную ці эмацыйную стомленасць, ці абцяжаранасць тым, што адбываецца ў грамадстве, хоць і з усім гэтым мы маем права і запрашэнне прыйсці да нашага Пана.

Бо ёсць і больш істотны «цяжар», які мы носім: цяжар закліку пражыць сваё жыццё так, каб яно сапраўды мела вечную вартасць, каб яно адлюстроўвала тое вялікае пакліканне, якое паходзіць ад Бога.

У вучэнні настаўнікаў Ізраэля ярмо было сімвалам Закону — усіх тых запаведзяў і правілаў, якія чалавек павінен быў захоўваць, каб заставацца верным Богу і Запавету. Езус не адкідвае сутнасць вобразу ярма, але змяняе яго разуменне: гэта Ён цяпер фармулюе і адначасова паказвае прыклад таго, што ёсць «ярмом», несці якое прыемна. «Любоў ёсць выкананнем Закону» (Рым 13, 10). Цяжар гэтага ярма лёгкі і прыемны, калі мы яго бярэм на сябе не самастойна, а ў нашай сувязі з Езусам, нашым старэйшым Братам.

Каб зразумець і прыняць гэту праўду, трэба пакінуць нашу «мудрасць» і быць, як дзеці (слова, якое выкарыстоўвае Езус, азначае хутчэй «немаўля», грудное дзіця). Гэта не значыць не браць адказнасці за свае дзеянні, за свае выбары. Але калі мы будзем лічыць сябе адзінымі гаспадарамі свайго жыцця, ніколі не знойдзем спакой, які Езус абяцае тым, хто выбірае прыняць дапамогу Яго ласкі і крочыць разам з Ім.

Езус — Добры Пастыр, які кожнага і кожную з нас, авечак статку Айца, узяў на Свае плечы як салодкае для Яго ярмо.

Ён — Добры Самаранін, які нясе нас, калі мы параненыя. Ён узяў ярмо крыжа нашых правінаў, каб прымірыць нас з Богам. Няхай Ён нас навучыць у сапраўднай пакоры і цвёрдасці духа наследаваць Яго Сэрца, заўсёды адкрытае для нас.

Абноўлена 04.07.2020 08:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа