ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы
Чытанне кнігі прарока Захарыі.
Так кажа Пан:
Радуйся моцна, дачка Сіёна,
весяліся, дачка Ерузалема:
вось кароль твой ідзе да цябе,
справядлівы і збаўчы,
пакорны, які едзе на асле,
на асляняці, дзіцяці асліцы.
І знішчу калясніцы з Эфраіма
і коней з Ерузалема,
і зламаны будзе баявы лук;
і Ён абвесціць народам мір.
І валадарства Ягонае будзе ад мора да мора
і ад ракі аж да краёў зямлі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду Цябе славіць, Бог і Валадар мой.
Або: Аллелюя.
1. Буду ўзвялічваць Цябе, Бог і Валадар мой, *
і благаслаўляць імя Тваё навекі.
2. Кожны дзень благаслаўляць Цябе буду *
і ўсхваляць імя Тваё на векі вечныя.
Рэфрэн:
8. Пан міласэрны і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.
Рэфрэн:
10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.
Рэфрэн:
13. Пан верны ва ўсіх сваіх словах *
і святы ва ўсіх сваіх справах.
14. Пан падтрымлівае ўсіх, хто падае, *
і падымае ўсіх прыгнечаных.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Калі забіваеце Духам учынкі цялесныя, жыць будзеце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Вы не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто не мае Хрыстовага Духа, то не належыць Яму.
Калі Дух таго, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, жыве ў вас, дык той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы праз Духа свайго, які жыве ў вас. Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела. Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам учынкі цялесныя, жыць будзеце.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
бо Ты адкрыў таямніцы Валадарства дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Я ціхі і пакорны сэрцам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ