Першага студзеня ў апошні дзень актавы ўрачыстасці Божага Нараджэння Касцёл адзначае ўрачыстасць Багародзіцы Марыі.
Эфескі сабор у 431 годзе абвясціў, што Дзеву Марыю можна і нават належыць называць Багародзіцай. Такая была рэакцыя Касцёла на погляды, што Хрыстус не з’яўляецца адначасова Богам і Чалавекам.
У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года.
Свята, прысвечанае Марыі Багародзіцы, у некаторых мясцовасцях на Захадзе адзначалася 1 студзеня ўжо ў VI ст. З цягам часу акцэнт у літургіі перайшоў на адзначэнне восьмага дня пасля нараджэння Хрыста — як сказана ў Евангеллі, урывак з якога чытаецца 1 студзеня, «кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні» (Лк 2, 21).
З 1570 года ўрачыстасць Абразання Пана стала абавязковай для ўсяго Касцёла. Пад такой назвай гэта свята далей адзначаецца 1 студзеня ў візантыйскім абрадзе (у Маскоўскім Патрыярхаце 14 студзеня па грыгарыянскім календары). Пасля Другога Ватыканскага сабору свята Божага мацярынства Марыі ізноў адзначаецца 1 студзеня.
Пачатак Новага году ў Касцёле з’яўляецца таксама Сусветным днём міру. Кожны год Папа кіруе з гэтай нагоды сваё пасланне. Папа Павел VI устанавіў Дзень міру ў 1967 годзе, ён жа з’яўляецца аўтарам знакамітай Малітвы аб міры. У гэты дзень могуць адбывацца набажэнсты аб міры, а за пабожнае публічнае прамаўленне або спеў гімну «Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы» (Veni Creator) можна атрымаць поўны адпуст.