Пошук


Кансэкраваныя асобы Таварыства св. Францыска Сальскага (ад лац. Societas Sancti Francisci Salesii) — салезіяне (манаскі скарот SDB).

У Каталіцкім Касцёле — манаскі духоўны інстытут папскага права. Сэрцам і фундаментам дзейнасці Таварыства з’яўляецца апостальская праца сярод моладзі, асабліва беднай і духоўна занядбанай.

Члены Кангрэгацыі па ўсім свеце кіруюць школамі, інтэрнатамі, выхаваўчымі цэнтрамі, араторыямі, друкарнямі і парафіямі. Адным з галоўных аспектаў душпастырскай працы з’яўляюцца місіі — абвяшчэнне Евангелля тым, хто яшчэ не прыняў Хрыста.

Таварыства складаецца з духоўных асобаў (святароў) і свецкіх братоў, якіх называюць каад’ютарамі. Фармацыя ў Кангрэгацыі складаецца з наступных элементаў:

  1. Прэнавіцыят — час падрыхтоўкі да навіцыяту.
  2. Навіцыят — час духоўнага аднаўлення і ўзмацнення ў пакліканні.
  3. Філасофія — двухгадовы курс філасофіі і тэматычных прадметаў.
  4. Асістэнцыя — двухгадовы час душпастырскай практыкі сярод моладзі.
  5. Тэалогія — чатырохгадовы курс тэалогіі, а таксама навука «быцця» святаром.

Сёння ва ўсім свеце налічваецца больш за 15 000 салезіянаў, якія нясуць служэнне на пяці кантынентах у 132 краінах свету.

Заснавальнік

Заснавальнікам Таварыства з’яўляецца святы Ян Боско (іт. Giovanni Bosco), які нарадзіўся 16 жніўня 1815 года ў Бэкі, побач з Турынам у Італіі. У маладосці Ян Боско ўбачыў таямнічы сон, пасля якога вырашыў прысвяціць усё сваё жыццё выхаванню пакінутых падлеткаў.

8 снежня 1841 года ксёндз Боско стварыў у Турыне першы салезіянскі араторый, які стаў для моладзі і дзяцей домам, у якім кожны адчуваў сябе патрэбным і любімым; парафіяй, дзе адбываецца евангелізацыя, якая вядзе да ўзрастання ў веры; школай, якая рыхтуе да жыцця і падворкам, дзе сустракаюцца сябры і жывуць у духу сапраўднай радасці. Акрамя араторыя, св. Ян Боско заснаваў друкарню, пансіён для студэнтаў і майстэрні для хлопцаў, якім даваў прафесію.

Для ажыццяўлення сваіх задумак працы з моладдзю 26 студзеня 1854 года святы заснаваў Кангрэгацыю св. Францішка Сальскага. Першымі салезіянамі сталі яго выхаванцы, якія калісьці прыйшлі ў араторый і атрымалі любоў, якой прагнулі дзяліцца з іншымі.

Статут Ордэна быў канчаткова зацверджаны благаслаўлёным папам Піем IX 3 красавіка 1874 года. Разам са св. Марыяй Дамінікай Мадзарэлла ксёндз Боско стварыў жаночую галіну салезіянак — Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, а таксама «трэці ордэн» — т.зв. салезіянаў-супрацоўнікаў.

Святы Ян Боско адышоў у вечнасць 31 студзеня 1888 года ў Турыне. Яго парэшткі захоўваюцца ў Турыне, у базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў. Святы Ян Боско лічыцца заступнікам рамесных навучэнцаў, рэдактараў, кнігадрукароў, але найперш з’яўляецца апекуном моладзі.

Харызма і місія салезіянаў

Крыніцай душпастырскай працы салезіянаў ксяндза Боско з’яўляецца місія, заснаваная на вучэнні св. Францішка Сальскага.

Салезіянская харызма ў Касцёле ўяўляе сабой адмысловую форму апостальскай працы сярод маладых людзей у духу радасці, спагады і любові; выражаецца ў папераджальнай сістэме выхавання і прабыванні сярод моладзі.

Папераджальная сістэма выхавання базуецца на рэлігіі, розуме і дабрыні; яна пабудавана не на прымусе, а на разумнай згодзе і ўнутраным жаданні Бога, якое кожны чалавек носіць у глыбіні сваёй існасці. Гэтая сістэма злучае выхаванцаў і выхавацеляў у адно цэлае, у духу сям’і, дыялогу і бязмежнага даверу.

Дэвіз і герб

Дэвіз салезіянаў: DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE (лац. Дай мне душы, усё астатняе забяры). Галоўнай думкай дэвізу з’яўляецца важнасць чалавечай душы, вартасць якой большая за кожнае іншае дабро ў свеце.

У гербе размешчаны тры важныя элементы: якар, які з’яўляецца сімвалам надзеі; сэрца як сімвал любові і зорка як вобраз веры. З левага боку — выява св. Францішка Сальскага, апекуна Таварыства. У ніжняй частцы герба — горы — сімвал вышынь, да якіх імкнуцца салезіяне, і лес, які нагадвае аб вялікай колькасці моладзі, да якой кліча салезіян Бог.

Салезіяне ў Беларусі

У Беларусі салезіяне з’явіліся ў 1921 годзе. Першым салезіянінам на беларускіх землях быў кс. Людвіг Гастыла SDB, а першым месцам служэння стала вёска Дварэц Дзятлаўскага раёна. У Дварцы салезіяне апекаваліся прафесійна-тэхнічнай школай, сталярскімі і абутковымі майстэрнямі, інтэрнатам для хлопцаў, араторыем і парафіяй.

Да гэтага далучыліся дамы ў Рэгінаве Івацэвіцкага раёна і Кургане Лідскага раёна. Але, на жаль,  камуністычны рэжым знішчыў гэтыя пачынанні.

Сёння салезіяне прысутнічаюць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. На Беларусі зарэгістраваны тры салезіянскія супольнасці:

  1. Мінск, дом св. Яна Боско
  2. Бараўляны, дом св. Дамініка Савіо
  3. Смаргонь, дом Марыі Успамогі Хрысціянаў

Апрача гэтых месцаў служэння Кангрэгацыя апякуецца вернікамі ў Дзятлаве, Раўбічах і Жупранах. У Беларусі манаскія ўлады салезіянскага Таварыства заснавалі незалежную дэлегатуру (адміністрацыйную манаскую структуру з юрыдычнай незалежнасцю).

Афіцыйны сайт: sdb.by

Парафія Мінск-Серабранка: serebranka.sdb.by

Абноўлена 30.01.2018 19:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа