Пошук

У вядомым на ўсю Пінскую дыяцэзіі санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, змешчаны надпіс: «Праз Марыю да Езуса ў Эўхарыстыі». У гэтых словах заключаецца галоўная сутнасць марыйнай пабожнасці: Найсвяцейшая Панна заўсёды вядзе нас да Езуса, да Эўхарыстыі. Калі ў кастрычніку мы молімся на ружанцы, перажываючы з усім паўсюдным Касцёлам Год Эўхарыстыі, робім гэта з упэўненасцю, што Марыя дапамагае нам паяднацца са сваім Сынам і нашым Збаўцам Езусам Хрыстом.

Вялікаю пашанаю да Найсвяцейшага Сакрамэнту і любоўю да Маці Божай вызначаўся святы Луіджы Арыёнэ, святар, заснавальнік закону Малой Справы Божага Провіду — супольнасці айцоў арыяністаў. Луіджы Арыёнэ нарадзіўся ў 1872 г. у паўночнай Італіі. Яшчэ падчас вучобы ў семінарыі малады клерык распачаў апостальскую дзейнасць сярод занядбанай моладзі ў заснаваным ім араторыі, моладзевым цэнтры, які быў створаны накшталт салезіянскіх араторыяў. Як святар і законнік усім сваім жыццём ён служыў Богу, перадусім праз здзяйсненне спраў міласэрнасці ў адносінах да самых бедных, пакінутых, сіротаў, дзяцей вуліцы, фізічна і разумова хворых, людзей, якіх адкідала грамадства. З мэтаю міласэрнасці ён заснаваў Кангрэгацыю Сыноў Божага Провіду — айцоў арыяністаў, а таксама жаночую Кангрэгацыю Сясцёр Малых Місіянерак Міласэрнасці — сясцёр арыяністак. Айцец Луіджы з’яўляецца таксама заснавальнікам Кангрэгацыі Сясцёр Сакрамэнтак Нябачных, пакліканне якіх — няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і пастаянная малітва, скіраваная на падтрымку Малой Справы Божага Провіду.

Арыяністы адчуваюць, што асаблівым чынам з’яўляюцца сынамі Нябеснага Айца і з вераю аддаюць сябе Яго Провіду, да якога маюць бязмежны давер. Яны асабліва давяраюць і пакланяюцца Марыі, якую лічаць сваёю Заснавальніцаю. Ёй у апеку яны аддаюць Малую Справу, якая — па словах Луіджы Арыёнэ — Ёй належыць і з’яўляецца справаю Яе мацярынскай дабрыні.

Заснавальнік таксама лічыў, што «Найбольшая любоў, якую мы можам праявіць да якой-небудзь душы, — гэта даць ёй Езуса! Найпрыгажэйшую радасць мы можам прынесці Езусу, калі аддадзім Яму ў валоданне якую-небудзь душу». Такім чынам, рэалізуючы свой асаблівы харызмат далучэння да Касцёла і да Папы людзей простых і церпячых, арыяністы займаюцца абуджэннем пакліканняў, законнай і касцёльнай фармацыяй, евангелізацыяй, катэхізацыяй, місіямі і экуменічнай дзейнасцю, апекаю над хворымі, сіротамі, пажылымі, фізічна і разумова непаўнавартаснымі людзьмі, а таксама бяздомнымі. Арыяністы кіруюць араторыямі і моладзевымі цэнтрамі, праводзяць апостальства сярод рабочых, арганізуюць парафіі ў асяроддзях беднякоў. У любы момант кангрэгацыя гатовая ўзяцца за справы, якія ім даручыць Апостальская Сталіца як найбольш прыдатныя для аднаўлення грамадства ў Езусе Хрысце. Служэнне Касцёлу на Беларусі члены кангрэгацыі распачалі ў 1990 г. на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, дзе іх апецы быў даручаны санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Святы Луіджы Арыёнэ быў чалавекам, які жыў надзвычай дынамічна. Ён без рэшты аддаваў усё сваё жыццё — дзень за днём — у распараджэнне Езусу, Марыі, Папу і людзям. У сваёй сям’і ён навучаўся любові да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і да Марыі, якую любіў з дзіцячай самаадданасцю. Прыкладам такой любові ён стаў для сваіх духоўных сыноў і дачок. «Наша кангрэгацыя, — не раз паўтараў айцец Арыёнэ, — узнікла каля ног Езуса Эўхарыстычнага, таму яе ўдзельнікі павінны пабожна ўшаноўваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, клапаціцца пра збаўленне даручаных душаў, весці іх да жывой і вечнай крыніцы самой любові — Эўхарыстыі».

Вось словы, якія сведчаць пра вялікую любоў айца Арыёнэ да Найсвяцейшай Маці: «Нашы зямныя маці завяршаюць жыццё і паміраюць, а Марыя — Маці нашых маці — гэта тая вялікая Маці, якая ніколі не памрэ. Мінула ўжо дваццаць стагоддзяў, а Яна сёння яшчэ больш жывая, чым тады, калі спявала «Magnifikat» і прарочыла, што ўсе пакаленні будуць называць Яе благаслаўлёнаю (...) Марыя — гэта вялікая Маці, якая ззяе хвалою і любоўю на даляглядах хрысціянства. Для кожнага з нас Яна з’яўляецца Правадыркаю і падтрымкаю (...) Будзем жа Яе ўшаноўваць і вельмі сардэчна любіць...».

Айцец Арыёнэ пісаў і часта гаварыў: «Ave Maria e avanti! — «Вітай, Марыя, і наперад!» Сваёю дзейнасцю ён хацеў умацаваць веру, ажывіць надзею і распаліць любоў у сэрцах людзей, якія гарнуліся да яго. Молячыся на ружанцы, будзем паўтараць з вялікай любоў Анёльскае прывітанне «Вітай, Марыя» і з адвагаю ісці наперад «Per Mariam ad Iesum — Праз Марыю да Езуса».

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа