Пошук

Заснавальнікам францішканскага закону з’яўляецца св. Францішак Асізскі. Гэты незвычайны святы нарадзіўся каля ў 1181 г. у сям’і багатага купца. Яшчэ ў юнацтве ён зразумеў: усё, што ён мае, нішто ў параўнанні са служэннем самому Богу. Ён цалкам адмовіўся ад магчымасці ўзбагачацца, жывучы пры багатым бацьку, і выбраў жыццё жабрака.

Спачатку Францішка не разумелі і высмейвалі, аднак праз некаторы час да яго далучыліся першыя вучні, якіх ён назваў «Меншыя Браты». Браты дзялілі з Францішкам жыццё малітвы, наследуючы Хрыста ў Яго беднасці і абвяшчаючы Евангелле. Такім чынам быў створаны першы закон мужчын, якія захацелі жыць Евангеллем праз рэалізацыю законных шлюбаў: беднасці, паслухмянасці і чыстасці, па прыкладзе св. Францішка наследуючы Езуса Хрыста — беднага, пакорнага і паслухмянага Айцу.

Беднасць у францішканскай духоўнасці разумеецца не як пагарда да свету, але наследаванне чалавечнасці Езуса. Паслухмянасць — гэта гатоўнасць распачаць любую працу згодна з патрэбамі Касцёла і наказамі настаяцеляў закону. Чыстасць, якая практыкуецца як наследаванне беззаганнага Езуса Хрыста, нашага Брата, акрамя цэлібату, прынятага дзеля Валадарства Нябеснага, заключаецца таксама ў братэрстве паміж усімі членамі закону.

Духоўнасць св. Францішка значна паўплывала не толькі на хрысціянства, але і на іншыя рэлігіі. Гэтай духоўнасці, між іншым, уласцівыя жыццярадаснасць, весялосць, дабрыня, адсутнасць прагавітасці, спалучэнне кантэмпляцыі (сузірання) з апостальскай дзейнасцю, служэнне людзям, любоў да свету і жыцця, уменне ўсюды бачыць прыгажосць і дабро.

З упэўненасцю можна сказаць, што святы Францішак Асізскі вядомы ва ўсім свеце. Сляды яго прысутнасці можна знайсці таксама і ў Беларусі. Першыя кляштары братоў святога Францішка з’явіліся на нашых землях ужо ў ХІV стагоддзі. Сёння на Беларусі працуюць францішкане ўсіх трох адгалінаванняў закону:

  • канвентуальныя францішкане
  • бэрнардыны
  • капуцыны
Меншыя Браты аднавілі сваю дзейнасць у нашай краіне ў 1992 годзе. Цяпер у Беларусі ёсць нават некалькі дзеючых францішканскіх кляштараў. Славутым марыйным санктуарыем у Будславе таксама апякуюцца сыны св. Францішка — бэрнардынцы.

Шмат святых, якіх мы добра ведаем, паходзяць з францішканскага закону. Узгадаем хаця б святога Антонія Падуанскага, якога ўшаноўваюць амаль у кожным касцёле ў свеце. Святы нашага часу — айцец Піо з П’етрэльчыны — быў капуцынам. Святы Максімільян Марыя Кольбэ, які ўславіўся тым, што аддаў сваё жыццё ў канцэнтрацыйным лагеры за бацьку сям’і, быў канвентуальным францішканцам. Прысутнасць айцоў францішканаў на беларускай зямлі таксама прынесла плады святасці. Двое маладых францішканаў з кляштара ў Івянцы — айцец Ахілес Пухала і айцец Герман Стэмпень — аддалі свае жыцці за веру і даручаных ім людзей і былі расстраляныя гітлераўскімі акупантамі. Адбылося гэта 19 ліпеня 1943 года. Святы Айцец Ян Павел ІІ абвясціў іх благаслаўлёнымі.

Францішканская духоўнасць праяўляецца ў любові да Езуса Хрыста і Яго Беззаганнай Маці. Любоў Бога да людзей св. Францішак бачыў перш за ўсё ў таямніцах Уцелаўлення, Мукі Пана і ў Эўхарыстыі, да якой выяўляў найбольшую пашану і праслаўленне, як і да ўсяго, што звязана з Эўхарыстыяй, а менавіта: да касцёлаў, святароў і святых начынняў.

Святы Францішак вельмі горача любіў Бога, які быў яму неабходны так, як штодзённы хлеб. Гістарычныя крыніцы, у якіх апісваецца яго жыццё, выразна падкрэсліваюць, што Францішак ставіўся да Эўхарыстыі з найвышэйшаю пашанаю, бо бачыў у ёй найбольшую праяву пакоры Бога. У лісце да закону ён напісаў: «Няхай усё ў чалавеку ўстрывожыцца, няхай задрыжыць увесь свет і няхай узрадуецца неба, бо на алтары ў руках святара ёсць Хрыстус, Сын Бога жывога! О пакорная веліч, бо Пан сусвету, Бог і Сын Божы прыніжаецца да такой ступені, што для нашага збаўлення скрываецца ў сціплай постаці хлеба». Амаль у кожным францішканскім кляштары ёсць касцёл або публічная капліца, дзе здзяйсняюцца сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, і абвяшчаецца Божае слова.

Гаворачы пра сілу веры і веліч любові св. Францішка, нельга абмінуць значэння Эўхарыстыі ў яго жыцці. У пэўным сэнсе Францішак сам стаў спажываю для людзей, якія прагнуць Бога. Гледзячы на яго, яны сілкаваліся сведчаннем яго жыцця. Тым, хто сумняваўся, ён дадаваў веры, тых, хто блукаў, схіляў задумацца над тым, куды яны ідуць, а для няверуючых ён стаў неаспрэчным доказам існавання Бога.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.
 
Абноўлена 26.06.2017 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.