Пошук

«Не шкадуйце часу на адарацыю»
Слуга Божы Ян Павел ІІ

Лацінскае слова adoratio азначае «ўшанаванне і праслаўленне». Ва ўсіх рэлігіях адарацыя адносіцца да істотных элементаў рэлігійнага культу. Для хрысціянаў адзіным аб’ектам адарацыі з’яўляюцца Божыя Асобы — Айцец, Сын і Дух Святы. У хрысціянскай традыцыі асаблівае месца займае адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — ушанаванне Боскасці і праслаўленне Хрыста, прысутнага пад эўхарыстычнымі постацямі.

Адарацыйнае прабыванне перад эўхарыстычным Хрыстом паглыбляе сяброўства чалавека з Богам, дазваляе адкрыць перад Ім сэрца і маліцца ва ўласных патрэбах і патрэбах іншых людзей. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту паглыбляе веру, надзею і любоў, а больш за ўсё падрыхтоўвае да поўнага з’яднання з Хрыстом у святой Камуніі. Такая адарацыя з’яўляецца таксама сведчаннем веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.

У старажытным Касцёле адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праяўлялася ў годным і поўным ўдзеле ў Эўхарыстыі. Вялікай пашанай атачалася святая Камунія, якую неслі хворым людзям. Акрамя таго, вернікі былі абавязаныя ўшаноўваць Эўхарыстыю перад яе прыняццем, захоўваючы эўхарыстычны пост і належную ўнутраную паставу. У сярэднявеччы пачалі выстаўляць Найсвяцейшы Сакрамэнт для адарацыі, а таксама з’явіўся звычай кленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, акаджваць яго і запальваць перад ім вечную лямпу. У пазнейшыя часы, у перыяд барока будаваліся раскошныя алтары, у цэнтры якіх знаходзіўся табэрнакулюм як месца пабывання Уцелаўлёнага Слова Божага, Езуса — Валадара валадароў, а таксама спецыяльныя троны для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту.

На працягу стагоддзяў адарацыя выстаўленага Найсвяцейшага Сакрамэнту набывала розныя формы. Вядомы саракагадзінныя набажэнствы, святыя гадзіны і вечныя адарацыі. У сувязі з развіццём гэтых набажэнстваў у Касцёле з’явіліся розныя рухі, брацтвы, якія прычыняліся да таго, каб сярод веруючых паглыблялася ўсведамленне таго, што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара пастаянна прысутнічае Уваскрослы Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек.

Саракагадзіннае набажэнства, вельмі распаўсюджанае ў свой час у Віленскай архідыяцэзіі — гэта значыць, на нашых землях, — заключалася ў пастаянным чуванні парафіяльнай супольнасці перад Езусам, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце і выстаўленым для адарацыі на працягу ўсяго дня, тры дні падрад, часта з нагоды парафіяльнага адпусту. Адарацыя трывала бесперапынна паміж набажэнствамі на працягу ўсяго дня, так што ў суме гэтае чуванне доўжылася 40 гадзінаў. Пабожныя дзяўчаты і дзяўчынкі ў белых сукенках і белых вэлюмах на галовах кленчылі перад Хрыстом, змяняючы адна адну кожную гадзіну. Такія набажэнствы ў парафіях вельмі садзейнічалі ажыўленню веры, заахвочвалі да поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Прапаведнікі шмат увагі прысвячалі тлумачэнню таямніцы Эўхарыстыі і заклікалі да частага прыняцця святой Камуніі.

У нас заўсёды вялікай пашанай атачалася таямніца Эўхарыстыі, калі святар нёс Цела Пана хворым. Перад святаром, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт, ішлі міністранты з запаленымі свечкамі. Родныя і суседзі з запаленымі свечкамі ўкленчыўшы сустракалі Хрыста пры ўваходзе ў дом хворага. Святара, які прыносіў Віятык, віталі эўхарыстычным спевам. Малітоўнае чуванне побач з пакоем хворага трывала падчас яго споведзі, а потым усе ўдзельнічалі ў абрадзе святой Камуніі.

Вечная адарацыя — гэта бесперапыннае праслаўленне Пана Езуса ў сакрамэнце Эўхарыстыі вернікамі, рэлігійнымі або парафіяльнымі супольнасцямі. Гэтая форма адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўзнікла ў Італіі, у міланскай катэдры на пачатку ХVІ стагоддзя і паступова распаўсюдзілася па ўсіх касцёлах Мілана. У Рым яна трапіла ў 1548 г. дзякуючы святому Філіпу Нэры, а Папа Клеменс VIII увёў вечную адарацыю ва ўсіх рымскіх касцёлах. Потым таксама ў іншых дыяцэзіях і ў іншых краінах Еўропы была наладжана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту так, каб яна трывала на працягу ўсяго года, гэта значыць, пастаянна.

У нашым краі вечная адарацыя з’явілася ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Яна была арганізавана ва ўсёй дыяцэзіі і ахоплівала ўсе касцёлы і парафіяльныя капліцы. Апрача таго, існуюць таксама касцёлы, у якіх вызначаны спецыяльныя капліцы, дзе можна бесперапынна адараваць выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Сёння вядома Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту — рух, які ўзнік пры супольнасці Сясцёр Вечнай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў межах гэтак званай Шанштацкай справы, заснавальнікам якой стаў Слуга Божы айцец Ёзаф Кэнтэніх (1885–1968 гг.). У яго могуць уваходзіць усе: святары, законніцы і свецкія асобы; дарослыя, моладзь і дзеці; мужчыны і жанчыны. Кожны з членаў Кола адарацыі можа сам вырашаць ці будзе ён прыходзіць на адарацыю кожны дзень, ці раз на тыдзень, ці раз або некалькі разоў на месяц — у залежнасці ад магчымасцяў. Таксама і час прабывання на адарацыі кожны можа вызначыць сабе сам, напрыклад, пятнаццаць хвілін, паўгадзіны або гадзіну. Члены Кола адарацыі моляцца ў інтэнцыі Святога Айца, Касцёла і свету, у інтэнцыі развіцця Шанштацкай справы, у інтэнцыі ўсіх членаў Кола адарацыі, а таксама ў асаблівых інтэнцыях, атрыманых ад сясцёр.

У гэтым годзе, які асаблівым чынам прысвечаны памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ, будзем паслухмяныя яго словам, якія ён скіроўвае да нас у сваім апошнім Апостальскім лісце на Год Эўхарыстыі Mane nobiscum Domine, заахвочваючы да пастаяннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту: «Няхай манаскія і парафіяльныя супольнасці возьмуць на сябе асаблівае абавязацельства эўхарыстычнай адарацыі па-за святой Імшой. Будзем жа доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, кампенсуючы нашаю вераю і любоўю занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія спазнае наш Збаўца ў так многіх месцах на свеце».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа