Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гісторыя Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі
Дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваны 11 лістапада 1992 года.

Кананічна Апостальская нунцыятура была заснавана булай Папы Яна Паўла ІІ Qvantam tandem ад вышэйназванай даты.

 

(Пераклад булы)
ПАПА ЯН ПАВЕЛ ІІ
на вечную памяць пра падзею

Ужо раней кожнаму было цалкам відавочна, наколькі пажаданыя мір і дабрабыт, колькі, акрамя таго, зачаткаў сацыяльнага прагрэсу звычайна прыносіць самой грамадзянскай супольнасці афіцыйнае заключэнне сяброўства паміж Апостальскай Сталіцай і асобнымі народамі свету, а таксама няспыннае і стараннае падтрыманне адноснаў з ёю. І самі Мы з кожным днём усё больш у гэтым пераконваемся. Гэта падалося Нам вельмі важкай падставай для таго, каб усталяваць з народам Беларусі больш цесныя сувязі праз заснаванне Апостальскай Нунцыятуры і ў далейшым часе праз дзейнасць нашага легата ў беларускім народзе. Таму, паспяхова распачаўшы такія афіцыйныя ўзаемадачыненні і ўзважыўшы ўсе аспекты гэтай справы, Мы Нашай Апостальскай уладай і на падставе гэтага Апостальскага Ліста законна зацвярджаем і засноўваем Апостальскую Нунцыятуру, якую адначасова надзяляем усімі асаблівымі прывілеямі, абавязкамі, індультамі, уласцівымі Пасольству такога ўзроўню паводле святых канонаў. Размяшчаючы сядзібу Нунцыятуры ў горадзе, які носіць назву Мінск, Мы надзяляем Пантыфікальнага Легата ў Беларусі паўнамоцтвамі і правамі, якія, акрамя дамоваў, заключаных са згаданым грамадзянскім урадам, датычаць яго ў адпаведнасці з канонамі 362-367 Кодэкса кананічнага права. Жадаючы, нарэшце, каб Нашыя рашэнні прынеслі вялікую карысць для касцёльных і грамадзянскіх спраў, хочам, каб усё, што Мы тут выказалі і пастанавілі, мела ў будучым такую моц, як і ў цяперашні час, чаму не павінны перашкаджаць ніякія супярэчлівыя прычыны. Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, пад пярсцёнкам Рыбака, 11 лістапада 1992 года, у пятнаццаты год Нашага Пантыфікату.

Кард. Аджэло Садано
Дзяржаўны Сакратар
aaa
  Першым Апостальскім нунцыем у Беларусі быў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Габрыэль Монтальво, калумбіец па нацыянальнасці. Свае даверчыя лісты ён прадставіў 17 кастрычніка 1993 года.
Наступным нунцыем стаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Агосціно Маркетто, італьянец. Ён быў акрэдытаваны 18 мая 1994 года.  
  Трэцім нунцыем у Беларусі стаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, славак. Сваю місію ён распачаў 15 красавіка 1996 года.
Ад 22 лістапада 2001 года Апостальскім нунцыем з'яўляўся Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Іван Юркавіч.  
  15 верасня 2004 года Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Беларусі вялебнага монсіньёра Марціна Відавіча.
15 ліпеня 2011 г. Яго Святасць Бэнэдыкт XVI прызначыў Апостальскім Нунцыем у Беларусі Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. 
Адноўлена 15.08.2011 12:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.