Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Марцін дэ Порэс, законнік

Нарадзіўся 9 снежня 1569 г. у Ліме (Перу). Яго бацькам быў іспанскі рыцар Хуан дэ Порэс, а маці — перуанка, і хлопчык-мулат з дзяцінства цярпеў здзекі з гэтай прычыны. Спачатку Марцін вывучаў медыцыну, працаваў аптэкарам і праславіўся як «цудадзейны доктар». Святарства, да якога ён імкнуўся, было для яго недасяжнаю мараю з-за цёмнага колеру скуры.

Нарэшце Марцін уступіў у ордэн дамініканаў і стаў свецкім братам. Усё сваё далейшае жыццё ён самаахвярна клапаціўся пра хворых. Кляштар, дзе ён жыў, стаў прытулкам для найбяднейшых людзей у Перу. У ім з’явіўся шпіталь, дзе — у адрозненне ад усіх іншых тагачасных лякарняў — не было расавага падзелу. Калі шырока разышлася пагалоска пра надзвычайныя лекарскія здольнасці дамініканіна, у кляштары з’явілася столькі хворых, што Марцін нават з дома сваёй сястры зрабіў шпіталь. Сам ён вёў жыццё, поўнае пакоры і аскезы, мала еў і мала спаў. Заразіўшыся тыфам ад хворых, якіх лячыў, Марцін памёр 3 лістапада 1639 г. Культ святога Марціна дэ Порэса сёння шырока распаўсюджаны ва ўсёй Амерыцы. Ён з’яўляецца апекуном сацыяльнай справядлівасці, медыцынскіх работнікаў; у яго просяць паратунку ад мышэй і пацукоў.

Успамін: 3 лістапада
Адноўлена 05.10.2009 17:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.