Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Ян Павел II — папа
Ян Павел II (Караль Юзэф Вайтыла) нарадзіўся 18 мая 1920 ў польскім горадзе Вадавіцэ каля Кракава. Гэта першы пантыфік-славянін.

Сям’я Вайтылы, а ў яго быў яшчэ старэйшы брат Эдмунд, жыла даволі сьціпла. Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам: ён добра вучыўся, рэгулярна гуляў у футбол і езьдзіў на лыжах, а таксама браў актыўны ўдзел у працы школьнага тэатру. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў сьмерць самых блізкіх людзей — памерла ягоная маці і брат, а ў 1941 годзе памёр і ягоны бацька. У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэта польскай філалогіі Ягелонскага ўнівэрсытэту, што ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. У 1943 годзе будучы Папа нечакана кінуў тэатар і вырашыў вывучаць тэалогію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасля заканчэння вайны Вайтыла працягнуў вучобу ў Рыме і стаў святаром.
 
У 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала.

16 кастрычніка 1978 году ў 18:44 вернікі, якія сабраліся на пляцы святога Пятра, каля Ватыкану пачулі афіцыйнае паведамленне: «Папа абраны — ім стаў кардынал Караль Вайтыла». 22 кастрычніка 1978 г. урачыста распасчаўся пантыфікат Вялікага Папы Яна Паўла II, які доўжыўся 27 гадоў і быў адным з самых працяглых пантыфікатаў ў гісторыі Каталіцкага Касцёла.

За час свайго служэння Папа здзейсніў 146 апостальскіх візітаў на тэрыторыі Італіі, 104 замежныя візіты, абвясціў 1338 чалавек благаслаўлёнымі і 482 чалавекі — святымі.

Сэрца пантыфіка, шырока адкрытае для ўсіх, а перадусім для Бога, перастала біцца 2 красавіка 2005 г.

Абвешчаны святым 27 крававіка 2014 г. 

Адноўлена 11.07.2015 22:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.