Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Патрык, біскуп
Святы Патрык, біскупСвятога Патрыка называюць апосталам Ірландыі. Ён нарадзіўся каля 385 – 390 гг. у рымскай Брытаніі ў сям’і вайскоўца, які пазней стаў дыяканам. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах.

Каля 432 г. быў пасвечаны ў біскупы і вярнуўся ў Ірландыю. Ён навярнуў у веру большасць мясцовых валадароў, пры падтрымцы якіх працягваў сваю місійную дзейнасць па ўсёй Ірландыі. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання. На свята Патрыка ў Ірландыі носяць на адзенні трохпялёсткавы лісток канюшыны, з дапамогаю якога святы тлумачыў язычнікам таямніцу Святой Тройцы.

Успамін: 17 сакавіка
Адноўлена 15.07.2009 17:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.