Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святыя Пётр і Павел, апосталы

Святыя Пётр і Павел, апосталыПётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнауме. Ён і яго брат Андрэй былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр (габрэйск. Кіфа, што азначае скала) і заўсёды быў першым сярод апосталаў.

Каля Цэзарэі Філіпавай ён упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады атрымаў ад Езуса абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл. Нягледзячы на трохкратнае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак» і прадказвае яму пры гэтым, якой смерцю апостал памрэ. Гэтае прадказанне спраўдзілася ў Рыме падчас ганення на хрысціянаў пры імператары Нероне ў 64 ці 67 г.: Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.

Звесткі пра жыццё святога Паўла дайшлі да нас у Дзеях Апосталаў, а таксама ў пасланнях самога апостала. Павел, чыё габрэйскае імя было Саўл, паходзіў з кілікійскага горада Тарсу (на тэрыторыі Турцыі), дзе ён нарадзіўся каля 10 г. ад Н. Х. у фарысейскай сям’і. Паколькі ён ад нараджэння меў рымскае грамадзянства, у яго, хутчэй за ўсё, з самага пачатку было і другое, лацінскае імя Павел. Маючы каля 19 гадоў, ён прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабіністычнай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста (між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана).

З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Паўлу ўдалося пераканаць апосталаў не чыніць перашкодаў для навяртання язычнікаў, і ўсё больш язычнікаў прымала слова Божае, праз хрост далучаючыся да Касцёла. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў; яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі. Прыблізна ў той жа час, што і Пётр, Павел прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. Пасланні апостала Паўла раней за ўсе іншыя кнігі Новага Запавету пачалі лічыцца боганатхнёнымі.

Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла. Намеснікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле.

Успамін: 29 чэрвеня


Адноўлена 07.02.2012 09:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.