Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Юстын, мучанік
Святы Юстын, мучанікВядомы як Юстын-філосаф. Нарадзіўся каля 100 г. у Палестыне ў горадзе Флавія Неапаліс (старажытны Сыхем). Паходзіў з паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Пасля знаёмства з рознымі філасофскімі вучэннямі таго часу (стаіцызм, арыстатэлізм, платанізм) звярнуўся да хрысціянства і каля 130 г. у Эфесе прыняў хрост. З васьмі вядомых працаў Юстына захаваліся толькі дзве апалогіі. У іх аўтар абараняе хрысціянаў, якіх суды Рымскай імперыі асуджалі на смерць толькі за само веравызнанне.

Юстын лічыў хрысціянства адзінай сапраўднай філасофіяй і імкнуўся выкладаць праўды веры з дапамогаю філасофскіх паняццяў і тэрмінаў. У той час для філосафа, які жадаў папаўняць свае веды, існаваў для гэтага толькі адзін спосаб: шмат падарожнічаць. Такім чынам, прайшоўшы праз розныя краіны, Юстын, нарэшце, трапіў у Рым, дзе заснаваў бясплатную школу. Разам з шасцю сваімі вучнямі ён быў абвінавачаны ў вызнанні хрысціянства і пасля адмовы прынесці ахвяру паганскім бажкам асуджаны і забіты праз адсячэнне галавы каля 165 г.

У XVII ст. частка рэліквій святога як дар Папы Бэнэдыкта XIV была прывезена на Беларусь і змешчана ў мядзельскім касцёле. У ХІХ ст. рэліквію перанеслі ў мосарскі касцёл, дзе яна знаходзіцца да гэтага часу, прыцягваючы шматлікіх пілігрымаў, асабліва ў дні парафіяльнага адпусту на ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня і бліжэйшая нядзеля).

Успамін: 1 чэрвеня
Адноўлена 15.07.2009 17:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.