Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святыя Яўхім і Ганна, бацькі Найсвяцейшай Панны Марыі

Святыя Яўхім і Ганна, бацькі Найсвяцейшай Панны МарыіСвятая Ганна, маці Дзевы Марыі, паходзіла з бэтлеемскай святарскай сям’і. Яўрэйскае імя «Ганна» азначае «ласка», «міласэрнасць». Святы Яўхім, бацька Багародзіцы, верагодна, быў родам з Галілеі і паходзіў з багатай і шляхетнай сям’і. Само яго імя несла прароцкі сэнс, бо азначала «падрыхтоўка для Пана». Памёр святы Яўхім, калі Марыя была яшчэ дзіцём. Разам са св. Ганнай з’яўляецца заступнікам сужэнскіх пар.

Ушанаванне святога Яўхіма і святой Ганны распаўсюджана ва ўсім Касцёле, як на Усходзе, так і на Захадзе. Па меры таго, як распаўсюджваўся культ Маці Божай, узрастала таксама паўсюднае шанаванне яе бацькоў. Ужо ў IV–V стст. у Ерузалеме, пры былой купальні Віфезда, была пабудавана капліца, прысвечаная свв. Яўхіму і Ганне. Тут нават, згодна з паданнем, павінна размяшчацца іх грабніца. Іншым месцам іх пахавання лічаць Алейную гару.

Асаблівай пашанай была заўсёды авеяна св. Ганна. Яе культ быў і застаецца дагэтуль вельмі жывым. Імператар Юстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі прыкладна ў 550 г. базыліку ў гонар св. Ганны. Таксама ў гонар св. Ганны паўстала 5 жаночых манаскіх ордэнаў. У старажытнай літургіі св. Ганне прысвячалася 118 гімнаў і 36 секвенцый (XIV–XVI стст.)

Літургічнае шанаванне бацькоў Найсвяцейшай Дзевы Марыі паўстала спачатку на Усходзе. Свята ўвёў у 710 г. імператар Юстыніян II пад назвай «Зачацце св. Ганны». Яно святкавалася ў розныя дні альбо разам са святам св. Яўхіма. На Захадзе яно стала адзначацца пазней. У Неапалі свята вядома з Х ст.

Папа Урбан VI у буле «Splendor æternæ gloriæ» ад 21 чэрвеня 1378 г. дазволіў спраўляць гэтае свята ў Англіі. Папа Юлій II у 1522 г. распаўсюдзіў яго на ўвесь Касцёл і прызначыў яго датай 20 сакавіка. Аднак папа Павел V у 1568 адмяніў гэтае свята, спаслаўшыся на тое, што пра бацькоў Багародзіцы нічога не паведамляецца ў кнігах Святога Пісання. Тым не менш, перамагло меркаванне, што гэтыя бацькі існавалі і што ім належыць асаблівая пашана. Таму папа Рыгор XIII аднавіў свята (1584) і прызначыў для яго дзень 26 ліпеня. Папа св. Пій X у 1911 г. увёў асобнае свята св. Яўхіма, прызначыўшы яго на 16 жніўня. Свята св. Ганны працягвала святкавацца 26 ліпеня. Але літургічная рэформа 1969 г. зноў злучыла разам іх імёны ў дзень 26 ліпеня.

Вікторыя Колзун

Успамін: 26 ліпеня

Адноўлена 25.07.2012 16:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.