Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Ян Залатавусны (Хрызастом), біскуп і доктар Касцёла
Святы Ян Залатавусны (Хрызастом), біскуп і доктар КасцёлаНарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны».

У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.

Успамін: 13 верасня
Адноўлена 13.09.2013 17:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.