Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Cвяты Грыгорый Вялікі, папа і доктар Касцёла
Cвяты Грыгорый Вялікі, папа і доктар КасцёлаНарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.

Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

Успамін: 3 верасня
Адноўлена 15.07.2009 17:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.