Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Марцін Турскі, біскуп
Святы Марцін Турскі, біскупНарадзіўся паміж 316 і 317 гг. у Паноніі (сучасн. Венгрыя) у паганскай сям’і. Яго бацька, рымскі вайсковы трыбун, неўзабаве быў пераведзены ў Італію, дзе прайшло дзяцінства Марціна. Там ён пазнаёміўся з хрысціянствам і жадаў прыняць хрост, але па волі бацькі ва ўзросце пятнаццаці гадоў быў вымушаны стаць вайскоўцам. Праз нейкі час ён разам з войскам апынуўся ў Галіі (сучасн. Францыя). Аднойчы каля гарадской брамы Ам’ена Марцін убачыў жабрака, цела якога было толькі ледзь прыкрытае лахманамі, нягледзячы на холад. Малады вайсковец выцягнуў меч і, разрэзаўшы ім свой плашч, палову аддаў таму жабраку. Уначы Марцін убачыў Хрыста, захінутага ў палову яго плашча. Уражаны гэтым бачаннем, ён пакінуў вайсковую службу і прысвяціў сябе служэнню Хрысту.

Святому давялося прайсці праз вялікія цяжкасці, але ён нястомна абвяшчаў Евангелле сярод паганаў. Найбольшай папулярнасцю Марцін карыстаўся сярод простага люду і дзякуючы гэтаму быў выбраны біскупам французскага горада Тура. Ён не пажадаў жыць у біскупскім палацы і пасяліўся ва ўбогай пустэльні непадалёк ад горада. Біскуп Турскі вызначаўся бязмежнай любоўю да ўсіх людзей і, нягледзячы на пераслед з боку нядобразычліўцаў, ніколі нікога не асуджаў. Марцін памёр 8 лістапада 397 г. непадалёк ад Тура падчас аднаго са сваіх шматлікіх душпастырскіх падарожжаў і быў урачыста пахаваны 11 лістапада.

Над месцам яго пахавання быў пабудаваны невялікі касцёл, які ў гонар плашча Марціна пачалі называць Capella (адсюль «капліца»). Святы Марцін Турскі — адзін з найбольш шанаваных святых на Захадзе. Яго імкненне паяднаць манаскае жыццё з апостальскім служэннем стала прыкладам для ўсяго заходняга манаства. Святы Марцін з’яўляецца апекуном вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў, а таксама хатняй жывёлы, асабліва коней і гусей. На свята ў яго гонар у многіх краінах гатуюць традыцыйнага гусака.

Успамін: 11 лістапада
Адноўлена 15.07.2009 17:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.