Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Себасцьян, мучанік
Святы Себасцьян, мучанікПаводле падання, паходзіў з Медыялану (Мілан, Італія) і быў афіцэрам імператарскай гвардыі. Калі цэзар Дыяклетыян, які жорстка пераследваў хрысціянаў, даведаўся пра тое, што адзін з яго лепшых воінаў верыць у Хрыста, то загадаў яго забіць. Себасцьяна прывязалі да дрэва і стралялі ў яго з лука да таго часу, пакуль усё цела не было скрозь здзіраўлена. Мяркуючы, што ён памёр, жаўнеры пайшлі, але хрысціянская ўдава Ірэна з Рыму ўзяла ледзь жывога Себасцьяна да сябе і вылечыла. Ачуняўшы, святы накіраваўся да Дыяклетыяна і проста ў твар абвінаваціў цэзара ў пераследзе нявінных людзей — вызнаўцаў Хрыста.

За гэта Себасцьяна да смерці забілі дубінамі на арэне цырка, а цела кінулі ў памыйную яму. Хрысціянка Люцына знайшла парэшткі мучаніка і пахавала іх на Апіевай дарозе. На месцы пахавання ў IV ст. была пабудавана базыліка ў гонар святога, якая сёння з’яўляецца адной з сямі пілiгрымкавых базылік Рыма. Святы Себасцьян — апякун паміраючых, жаўнераў і параненых.

Успамін: 20 студзеня
Адноўлена 15.07.2009 17:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.