Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі, біскупы і доктары Касцёла
Святы Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі, біскупы і доктары КасцёлаСвятыя Базыль (Васіль) Вялікі і Грыгорый Назіянзскі нарадзіліся каля 330 г. у Кападокіі (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і паходзілі з хрысціянскіх сем’яў. Бацька Грыгорыя быў біскупам Назіянзу. Базыль і Грыгорый былі вельмі адукаванымі людзьмі. Яны пазнаёміліся ў Афінах, дзе разам вучыліся. Згодна з тагачаснымі звычаямі, хрост прынялі ўжо ў сталым узросце, маючы каля 30 гадоў, пасля чаго разам адасобіліся ў пустыні.

Базыль і Грыгорый некалькі гадоў вялі пустэльніцкае жыццё і прысвяцілі гэты час вывучэнню Святога Пісання і ранніх хрысціянскіх аўтараў. На падставе працаў Арыгена склалі зборнік «Філакалія» (Дабралюбства). Праз пэўны час абодва сталі святарамі, а пазней — біскупамі: Базыль — у Кесарыі Кападоцкай, а Грыгорый — у Назіянзе. Да таго ж Грыгорый, выбраны духавенствам і народам біскупам Канстанцінопаля, некалькі месяцаў займаў гэтую кафедру, але вырашыў адмовіцца ад яе і вярнуўся ў Назіянз. Базыль змагаўся з ерэтыкамі і сіманіяй сярод духавенства, спрыяў усталяванню еднасці паміж біскупамі. Яго душпастырскія заслугі цяжка нават пералічыць, таксама як і яго працы. Ён апрацаваў старажытныя літургічныя тэксты і склаў літургію (чын св. Базыля Вялікага), якая да гэтага часу служыцца ва ўсходніх Цэрквах у вызначаныя дні. Памёр ён 1 студзеня 379 г. у Кесарыі, дзе і быў пахаваны.

Грыгорый Назіянзскі перажыў свайго сябра больш чым на дзесяць гадоў. Яго духоўная спадчына, якая складаецца з разнастайных пісанняў, прамоваў, вершаў, лістоў і тэстамэнтаў, мае вялікую літаратурную каштоўнасць. На Усходзе Грыгорыя называюць «Боскім», а таксама «Багасловам». Святыя Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі разам са святымі Атаназіем і Янам Залатавусным лічацца самымі вялікімі доктарамі Касцёла хрысціянскага Усходу.

Успамін: 2 студзеня
Адноўлена 15.07.2009 17:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.