Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Бэда Вялебны, святар і доктар Касцёла
Святы Бэда Вялебны, святар і доктар КасцёлаНарадзіўся паміж 672–673 гг. на поўначы Англіі. Ва ўзросце сямі гадоў быў аддадзены бацькамі на выхаванне ў бэнэдыктынскі кляштар і ў 29 гадоў стаў святаром. Бэда быў адным з першых людзей, якія ў Сярэднявеччы пачалі сур’ёзна займацца тэалогіяй як навукай. Бэнэдыктынскі навуковец быў таленавітым настаўнікам і рэлігійным дзеячам, які шмат зрабіў для аднаўлення манаскага і касцёльнага жыцця ў тагачаснай Англіі.

Яго навуковыя працы датычаць гамілетыкі (казанні, гаміліі, навучанне рэлігіі), агіяграфіі (жыццяпісы святых), экзэгетыкі (тлумачэнне Святога Пісання), гісторыі, арфаграфіі і інш. Бэда значна ўплываў на развіццё навукі ў сярэднія вякі і лічыцца айцом ангельскай гістарыяграфіі. Ён памёр 26 мая 735 г. Праз сто гадоў пасля смерці Бэды ў знак прызнання яго неацэнных заслугаў на адным з сінодаў яму быў нададзены ганаровы тытул «Вялебны», а на надмагіллі вучонага бэнэдыктынца нездарма напісана: «Разам з ім прыйшло святло на ўвесь свет».

Успамін: 25 мая
Адноўлена 15.07.2009 17:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.