Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пій Х, Папа
Святы Пій Х, ПапаДжузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар.

Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Папа займаў актыўную пазіцыю ў тагачасным палітычным жыцці і адыгрываў у ім далёка не апошнюю ролю. Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Князем супакою». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.

Успамін: 21 жніўня
Адноўлена 15.07.2009 17:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.