Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Бруна, святар
Святы Бруна, святарНарадзіўся каля 1030 г. у Кёльне (Германія). Вучыўся ў школе пры катэдры ў Рэймсе (Францыя), якая была адной з найлепшых, і ў 1057 г. узначаліў яе. Ён выкладаў там больш за 25 гадоў, і за гэты час школа дасягнула незвычайнага росквіту. У 1083 г. Бруна, адмовіўшыся ад усіх пасадаў, выехаў з Рэймса.

Яго былы вучань, біскуп Гуга з Грэнобля, падараваў яму некрануты кавалак зямлі на поўначы ад Грэнобля, які называўся Шартрэз (лац. Картузія). Там Бруна разам з шасцю паплечнікамі ўтварыў пустэльню — Вялікую Картузію, — якая першапачаткова складалася з адной капліцы і паасобных келляў. Гэта стала пачаткам новага ордэна — картузаў, які быў зацверджаны праз паўстагоддзе. У 1089 г. Бруна стаў дарадчыкам Папы Урбана ІІ, які таксама калісьці быў яго вучнем, але праз два гады Бруна пакінуў Ватыкан і заснаваў яшчэ дзве пустэльні-картузіі на поўдні Італіі, дзе і памёр у 1101 г.

Успамін: 6 кастрычніка
Адноўлена 15.07.2009 17:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.