Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Дамінік Савіо

Нарадзіўся 2 красавіка 1842 г. у мястэчку Рыва дзі К’еры непадалёк ад Турына (Італія). У сямігадовым узросце прыняў Першую св. Камунію і ўжо тады напісаў, што хоча, каб яго сябрамі былі Езус і Марыя і што для яго лепш памерці, чым зграшыць.

У 12 гадоў Дамінік трапіў у араторый св. Яна Боско ў Вальдоко і стаў улюбёным вучнем заснавальніка салезіянаў. Заўсёды паслухмяны, спакойны і радасны, ён вельмі сур’ёзна ставіўся да сваіх вучнёўскіх абавязкаў і чым толькі мог дапамагаў калегам: навучаў іх Катэхізісу, апекаваўся хворымі, сунімаў сваркі паміж вучнямі.

Разам з тым юнак вёў напружанае духоўнае жыццё, напоўненае пакаяннем, і асабліва ўшаноўваў Багародзіцу і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Ён нават заснаваў Таварыства Беззаганнага Зачацця, для якога сам напісаў прыгожы статут. Усе яго памкненні былі скіраваныя на дасягненне хрысціянскай дасканаласці.

Улетку 1856 г. у тых мясцінах выбухнула эпідэмія халеры, якая тады была невылечнаю хваробаю. Здаровыя, каб не заразіцца, пазбягалі ўсялякіх кантактаў з хворымі на халеру, і тыя былі асуджаны на смерць у самоце. Дон Боско прапанаваў найбольш смелым са старэйшых вучняў дапамагаць гэтым пакінутым людзям. Сярод дабравольцаў быў і Дамінік Савіо. У выніку ён таксама захварэў і быў вымушаны вярнуцца ў сям’ю, якая жыла ў Мандоніо. Там Дамінік Савіо памёр, яшчэ не маючы 15-ці гадоў. Кананізаваны ў 1954 г., ён з’яўляецца самым маладым святым сярод тых, якія не былі мучанікамі, а яго рэліквіі ўшаноўваюцца ў базыліцы Марыі Успамогі хрысціянаў у Турыне.


Успамін: 6 мая

Адноўлена 09.03.2017 12:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.