Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Лідвіна (Людвіна), панна
Нарадзілася 18 сакавіка 1380 г. у невялікім галандскім мястэчку непадалёк ад Ратэрдама ў беднай сялянскай сям’і. Лідвіна вырасла і стала прыгожай дзяўчынай, але яе непакоілі залёты шматлікіх прыхільнікаў, і яна прасіла ў Бога пазбавіць яе ад гэтага. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў, катаючыся на лёдзе, дзяўчына павалілася і зламала рабро. З гэтага пералому пачаліся страшныя фізічныя пакуты, якія працягваліся амаль 40 гадоў.
Лідвіна гераічна пераносіла цярпенне, праяўляючы незвычайную цярплівасць, і пры гэтым заўсёды была ў добрым настроі. Яна магла толькі крыху варушыць галавою і плячом, аслепла на адно вока; ёй моцна балелі зубы, страўнік не ўспрымаў ежу, з роту і з носу няспынна цякла кроў, а ўсё цела было пакрытае пухірамі. Шмат гадоў яна падмацоўвалася толькі Хлебам Пана. У цярпеннях Лідвіна мела шмат містычных перажыванняў, падчас якіх у духоўным экстазе наведала Галготу і іншыя святыя месцы. Аднойчы, як яна сама апавядала, ёй давялося прайсці праз цярнёвую карону, і пасля гэтага ў яе назаўсёды засталіся крывавыя раны на плячах.

У апошніх містычных з’явах хворая ўсё часцей бачыла куст ружаў: напачатку малы, ён паволі рос, на ім распускаліся лісткі і бутоны. Аднойчы Лідвіне з’явіўся Анёл і сказаў, што Пан возьме яе з гэтага свету, калі на кусце распусцяцца ўсе бутоны. Яна памерла 14 красавіка 1433 г. у сваім родным доме. Лідвіну, якая з’яўляецца, бадай, самай вядомай прадстаўніцай містыкі цярпення, шырока ўшаноўваюць у Галандыі, дзе захоўваецца частка яе рэліквій. Праз заступніцтва святой хворыя просяць у Бога ласку вытрымкі ў цярпеннях.

Успамін: 14 красавіка
Адноўлена 15.07.2009 17:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.