Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Вінцэнт дэ Поль, святар

Святы Вінцэнт дэ Поль, святараНарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства.

Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charitй — міласэрнасць). Адданы святар, служыцель бедных, апякун сіротаў і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лазарэты) падчас крывавых паўстанняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII ст. На момант яго смерці 27 верасня 1660 г. у Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.

Успамін: 27 верасня

Адноўлена 24.09.2010 12:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.