Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святая Кацярына Александрыйская, панна і мучаніца

Святая Кацярына Александрыйская, панна і мучаніцаПаводле падання, Кацярына да хросту мела імя Дасіфея. Яна нарадзілася ў 294 г. у Александрыі Егіпецкай у сям’і мясцовага валадара. Як апавядае Жыціе, дзяўчына вылучалася незвычайнай прыгажосцю і выключнымі здольнасцямі, але разам з тым была вельмі ганарыстаю і не жадала выйсці замуж ні за каго, хто б не пераўзыходзіў яе ва ўсіх адносінах. Маці Кацярыны, патаемная хрысціянка, адвяла дачку да пустэльніка, які распавёў дзяўчыне пра такога Жаніха: «Я ведаю аднаго цудоўнага Юнака, які непараўнальна перавышае цябе ва ўсіх тваіх талентах.

Прыгажосць Яго святлейшая са сонечнае святло, мудрасць Яго кіруе ўсімі пачуццёвымі і духоўнымі істотамі, багацце Ягоных скарбаў распаўсюджана ва ўсім свеце і ніколі не змяншаецца, а Яго высакароднасць невымоўная і неспасцігальная. Ва ўсім свеце няма падобнага Яму». Неўзабаве Кацярына мела містычнае бачанне і прыняла хрост, які цалкам перамяніў яе жыццё: дзяўчына зразумела, што з гэтага часу яно назаўсёды належыць яе сапраўднаму Жаніху — Езусу Хрысту. На пачатку IV ст. рымскім цэзарам быў Максэнцый, які жорстка пераследаваў хрысціянаў. Запрошаная аднойчы на нейкае паганскае свята, Кацярына адважна адмовілася ўдзельнічаць у ім, сказаўшы, што паганскія бажкі — усяго толькі ідалы, і сваім красамоўствам вельмі занепакоіла цэзара. Максэнцый склікаў пяцьдзесят лепшых філосафаў, якія павінны былі даказаць памылковасць выказванняў Кацярыны, але ў спрэчцы з дзяўчынаю яны не змаглі яе абвергнуць і навярнуліся самі. Раз’юшаны цэзар загадаў іх спаліць, а Кацярыну ўкінуў у падзямелле, дзе яе жорстка катавалі: марылі голадам, бічавалі, распіналі на колах з цвікамі і нажамі, што раздзіралі яе цела, але раны цудоўным чынам загойваліся. Тады па загадзе цэзара ёй адсеклі галаву. Рэліквіі Кацярыны Александрыйскай былі ў VI ст. цудоўным чынам знойдзены на гары Сінай, дзе быў заснаваны кляштар яе імя. Святая з’яўляецца апякункаю дзяўчат і нявестаў, настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, а таксама прадстаўнікоў усіх прафесій, звязаных з колам.

Успамін: 25 лістапада

 

 

Адноўлена 15.07.2009 17:45
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.