Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Божае Валадарства — унутры нас (+відэа па-беларуску)
Слова Папы
05.12.2016 17:12

«Надыходзіць Божае Валадарства. Больш за тое, яно блізка. Яно ўнутры нас. Гэта вельмі важныя словы», — падкрэсліў Святы Айцец падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 4 снежня.

У Евангеллі гэтай Другой нядзелі Адвэнту гучыць заклік Яна Хрысціцеля:

«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Мц 3, 2). Гэтымі самымі словамі Езус распачне сваю місію ў Галілеі (пар. Мц 4, 17); тое ж самае павінныя будуць абвяшчаць і вучні ў сваім першым місіянерскім вопыце (пар. Мц 10, 7). Такім чынам евангеліст Мацвей жадае прадставіць Яна як чалавека, які рыхтуе шлях прыходзячаму Хрысту, а вучняў — як прадаўжальнікаў таго, што абвяшчаў Езус. Гэта ўсё тая ж самая радасная вестка: надыходзіць Божае Валадарства, больш за тое, яно блізка, яно ўнутры нас! Гэта вельмі важныя словы, якія кажа Езус: «Валадарства Божае ёсць унутры вас». І Ян абвяшчае тое, што пазней скажа сам Езус: «Наблізілася Валадарства Божае, яно тут, унутры вас».

Гэта — галоўнае пасланне кожнай хрысціянскай місіі. Калі місіянер, калі хрысціянін ідзе абвяшчаць Езуса, ён не ідзе навяртаць у сваю веру, нібы нейкі футбольны заўзятар, які шукае яшчэ больш прыхільнікаў для сваёй каманды. Не, ён проста ідзе, каб абвяшчаць, што «Валадарства Божае ўнутры вас!» Такім чынам місіянер рыхтуе дарогу Езусу, які сам выходзіць насустрач свайму народу.

Але што гэта такое: Валадарства Божае, нябеснае Валадарства? Гэта сінонімы. Нам на думку адразу прыходзіць штосьці тагасветнае: вечнае жыццё. Безумоўна, гэта праўда, што Божае Валадарства не мае канца і сягае па-за зямное жыццё, але добрая вестка, якую прыносіць Езус і якую апярэджвае Ян Хрысціцель, заключаецца ў тым, што мы не павінны чакаць Божага Валадарства ў будучыні: яно наблізілася, яно ўжо пэўным чынам прысутнае і мы ўжо цяпер можам адчуваць яго духоўную моц. «Валадарства Божае ўнутры вас!» — скажа Езус. Бог прыходзіць, каб стаць Валадаром нашай гісторыі, кожнага нашага сённяшняга дня, нашага жыцця; там, дзе Яго ўладу прымаюць з верай і пакорай, узрастаюць любоў, радасць і мір.

Умова для таго, каб увайсці і стаць часткаю гэтага Валадарства, — гэта перамена нашага жыцця, навяртанне, навяртанне кожны дзень, штодзённы крок наперад... Варта сысці з дарогі, зручнай, але неадпаведнай, адысці ад ідалаў гэтага свету: поспеху любою цаною, улады за кошт найслабейшых, прагнасці багацця, задавальнення любым коштам. І наадварот, адкрыць дарогу для Пана, які прыходзіць: Ён не забірае нашай свабоды, але дае нам сапраўднае шчасце. З Нараджэннем Езуса ў Бэтлееме сам Бог пасяліўся сярод нас, каб вызваліць нас ад эгаізму, ад граху і сапсаванасці, ад паводзінаў, што ідуць ад д’ябла: імкнення да поспеху любою цаною, пошукаў улады за кошт найслабейшых; прагнасці багацця і дасягнення задавальнення любым коштам.

Божае Нараджэнне — гэта дзень вялікай радасці, таксама і вонкавай, але перадусім гэта рэлігійная падзея, да якой неабходна духоўна падрыхтавацца. У гэты час Адвэнту пойдзем за заклікам Яна Хрысціцеля, які нам кажа: «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (гл. Мц 3, 3). Мы рыхтуем дарогу Пану і робім простымі сцежкі для Яго, калі выпрабоўваем сваё сумленне, калі даследуем свае паводзіны, каб пазабавіцца ад тых грэшных адносінаў, якія я ўзгадаў, якія не паходзяць ад Бога: поспех любою цаною, улада за кошт найслабейшых, прагнасць багацця, задавальненне любым коштам.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам падрыхтавацца да сустрэчы з гэтай «штораз большаю Любоўю», якую прыносіць Езус і якая ў калядную ноч стала зусім маленечкай, як зярнятка, што падае ў зямлю. Гэтае зярнятка — гэта Езус, зерне Божага Валадарства.

Пераклад на беларускую мову дк. Міколы Гракава, дубляж — radiomaria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.