Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак аб выкліках у фармацыі маладых святароў
Слова Папы
02.06.2017 12:48

Нястомна маліцца, заўсёды знаходзіцца на шляху і дзяліцца з іншымі ад ўсяго сэрца — такімі павінны быць маладыя святары, лічыць папа Францішак. 1 чэрвеня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах духавенства.

У прамове Святы Айцец засяродзіўся на выкліках, звязаных з фармацыяй святароў у святле абнародаваных у мінулым годзе асноўных норм святарскай фармацыі — Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis.

Святы Айцец заўважыў, што часта пра моладзь думаюць павярхоўна і вешаюць на яе ярлык «ліквіднага» пакалення, якое не мае гарачых памкненняў і ідэалаў. Канешне, ёсць дызарыентаваныя, несфарміраваныя, заражаныя культурай спажывецтва і індывідуалізма маладыя людзі. Але моладзь, як адзначыў папа Францішак, здольная высока трымаць галаву перад жыццёвымі выклікамі, са «шчодрасцю ўключацца ў гульню», адважна глядзець у будучыню, быць крэатыўнай і велікадушнай, калі гаворка ідзе пра прысвячэнне сябе іншым людзям ці ідэалам салідарнасці, справядлівасці і міру.

Пантыфік нагадаў, што на працягу гісторыі Бог часта карыстаўся дапамогай асоб, якіх усе лічылі «малымі». Ён нагадаў пра пакліканне прарокаў Самуэля і Ераміі, караля Давіда, вучняў Езуса. «Вось, што я хацеў сказаць маладым святарам: вы былі выбраны, вы дарагія для Пана!» — падкрэсліў Папа і заклікаў пробашчаў і біскупаў разлічваць на маладых святароў, а не толькі бачыць у іх людзей, патрэбных для запаўнення «пустых месцаў» у парафіях ці дыяцэзіях. Папа прызнаўся, што заўсёды радасна сустракацца з маладымі святарамі, бо ён бачыць у іх маладосць Касцёла.

Паводле папы Францішка, асабліва важнай для маладых святароў з’яўляецца нястомная малітва. Каб быць «лаўцамі людзей» трэба, у першую чаргу, самім адчуваць сябе «злоўленымі» пяшчотай Пана. «Калі не будзем моцна злучаныя з Ім, нашая “лоўля” не будзе паспяховай. Маліцеся заўсёды, прашу вас!» — сказаў Папа, дадаўшы, што малітва, адносіны з Богам, клопат аб духоўным жыцці напаўняюць святарскае служэнне душой, а служэнне, у сваю чаргу, умацоўвае духоўнае жыццё.

Святы Айцец лічыць, што святары заўсёды павінны ісці наперад, ніколі не лічыць сябе тымі, хто дасягнуў мэты. Важна заставацца вучнямі, пілігрымамі на шляху Евангелля і жыцця, якія «маюць доступ да парогаў Божай таямніцы і святой зямлі давераных ім людзей». Важна заўсёды быць адкрытымі на новае, што дазволіць быць «крэатыўнымі ў евангелізацыі, з праніклівасцю прысутнічаць у новых месцах камунікацыі». Папа таксама адзначыў патрэбу ў пастаянным кантакце з іншымі святарамі і ўказаў на небяспеку «закамянеласці ва ўласных дасягненнях ці засяроджанасці на ўласных схемах».

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 23.06.2017
  • 22.06.2017
  • 21.06.2017
  • 20.06.2017
  • 19.06.2017