Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік у Мальмё: святасць складаецца з любові да Бога і бліжняга аж да забыцця сябе
Слова Папы
02.11.2016 13:14

Святых называюць шчаслівымі, бо яны спазналі таямніцу сапраўднага шчасця, якое жыве ў глыбіні душы і крыніцай якога з’яўляецца Божая любоў, — сказаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 1 лістапада на «Swedbank Stadion» у Мальмё ў межах свайго візіту ў Швецыю.

Кажучы пра ўрачыстасць Усіх Святых, Пантыфік падкрэсліў, што ў гэты дзень успамінаюцца не толькі тыя, якія былі абвешчаны святымі на працягу гісторыі, але таксама «нашы браты, якія пражылі сваё хрысціянскае жыццё ў паўнаце веры і любові са сціпласцю і незаўважнасцю», сярод якіх мноства «нашых сваякоў, сяброў і знаёмых».

«Такім чынам, сёння мы святкуем святасць. Тую святасць, якая часам не праяўляецца ў вялікіх справах ці надзвычайным поспеху, але якая здольная верна і штодзённа жыць патрабаваннямі хросту. Тую святасць, якая складаецца з любові да Бога і бліжняга, вернай любові аж да забыцця пра самога сябе і поўнага дару з сябе бліжняму, як жыццё тых маці і бацькаў, што ахвяруюць сабой дзеля сваіх сем’яў са здольнасцю ахвотна адмаўляцца, хоць гэта і нялёгка, ад мноства рэчаў, праектаў і асабістых планаў», — сказаў Пантыфік.

Па словах Папы Францішка, святыя – па-сапраўднаму шчаслівыя, а іх жыццём, мэтай і Айчынай з’яўляюцца евангельскія благаслаўленні — шлях, які Пан указвае, каб мы маглі наследаваць Яго. Сярод усіх евангельскіх благаслаўленняў Папа вылучыў адно: «шчаслівыя лагодныя».

«Лагоднасць — гэта лад жыцця, які набліжае да Езуса і робіць нас з’яднанымі паміж сабой. Яна дапамагае адкінуць усё, што нас раздзяляе і супрацьпастаўляе, і шукаць новыя спосабы, каб ісці наперад па шляху да адзінства, як рабілі сыны і дочкі гэтай зямлі, сярод якіх св. Марыя Элізабэта Хэсэльблад, нядаўна кананізаваная, св. Брыгіта Шведская, апякунка Еўропы. Яны маліліся і працавалі, каб умацаваць сувязі еднасці і адзінства паміж хрысціянамі. Вельмі красамоўным знакам з’яўляецца тое, што менавіта ў іх краіне, пазначанай суіснаваннем вельмі розных народаў, мы супольна ўспамінаем 500-годдзе Рэфармацыі. Святыя дасягаюць пераўтварэнняў дзякуючы сардэчнай лагоднасці. Дзякуючы ёй мы разумеем веліч Бога і са шчырасцю аддаем Яму пашану. Акрамя таго, гэта пастава тых, каму няма чаго губляць, бо іх адзіным багаццем з’яўляецца Бог», — адзначыў Папа.

Па словах Пантыфіка, евангельскія благаслаўленні — гэта «пашпарт хрысціяніна», па якім можна пазнаць у ім вучня Езуса. Святы Айцец заклікаў імкнуцца быць шчаслівымі, наследуючы Езуса і перамагаючы пакуты і трывогі нашага часу з Яго духам і любоўю.

«Шчаслівыя, якія з верай пераносяць зло, што іншыя ім чыняць, і якія прабачаюць ад сэрца; шчаслівыя, якія глядзяць у вочы адкінутым і маргіналізаваным, дэманструючы сваю блізкасць; шчаслівыя, якія пазнаюць Бога ў кожнай асобе і змагаюцца за тое, каб і іншыя Яго пазнавалі; шчаслівыя, якія бароняць і атуляюць клопатам супольны дом; шчаслівыя, якія адмаўляюцца ад уласнага дабрабыту дзеля дабра іншых; шчаслівыя, якія моляцца і працуюць дзеля поўнага адзінства хрысціян. Усе яны з’яўляюцца носьбітамі міласэрнасці і пяшчоты Бога, і, канешне, атрымаюць ад Яго заслужаную ўзнагароду», — сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што пакліканне да святасці датычыць кожнага чалавека. «Святыя натхняюць нас сваім жыццём і заступніцтвам перад Богам, і мы маем патрэбу адно ў адным, каб станавіцца святымі», — сказаў Папа і заклікаў прасіць Бога аб гэтай ласцы і магчымасці разам працаваць дзеля адзінства хрысціян.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.