Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Добры пастыр імкнецца ісці за Езусам, а не за ўладай і грашыма»
Слова Папы
19.10.2016 12:51

«Добры пастыр імкнецца ісці за Езусам, а не за ўладай і грашыма, а калі будзе пакінуты ўсімі — заўсёды будзе мець побач Пана», — адзначыў Святы Айцец 18 кастрычніка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Спасылаючыся на першае літургічнае чытанне (2 Цім 4,9-17а), Пантыфік засяродзіўся на сітуацыі апосталаў, якія напрыканцы свайго зямнога жыцця спазналі самотнасць у цяжкасцях, былі самотнымі і пазбаўленымі ўсяго.

Такі лёс спазнаў святы Павел, які шмат падарожнічаў, зведаў шмат пакут і выпрабаванняў, абвяшчаючы Евангелле, які ў малітве ўзнёсся да сёмага неба і пачуў тое, што ніхто не чуў да яго. Нягледзячы на ўнутраную падаўленасць, напрыканцы жыцця Апостал Народаў не адчуваў жалю ці горычы і ведаў, што Пан побач з ім, заўважыў Папа.

Пантыфік нагадаў, што падобны досвед перажылі св. Пётр, св. Ян Хрысціцель, а таксама св. Максімільян Кольбэ, «які стварыў сусветны апостальскі рух і мноства іншых вялікіх рэчаў», а памёр у лагернай камеры. Паводле слоў Святога Айца, калі апостал верны Богу, ён не чакае для сябе іншага канца, чым той, які меў Езус. З такімі пастырамі Бог прабывае побач і дае ім унутраную сілу, перакананы Папа.

Па словах Святога Айца, гаворка ідзе пра сапраўдны евангельскі закон: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

«Памерці, як мучанікі, як сведкі Езуса — гэта зерне, што памірае і прыносіць плён, напаўняе зямлю новымі хрысціянамі. Калі пастыр жыве такім чынам, ён не паддаецца горычы: ён можа адчуваць прыгнечанасць, але мае ўпэўненасць, што Бог побач. Калі душпастыр займаўся чымсьці іншым, а не вернікамі, і быў, напрыклад, прывязаны да ўлады, грошай, сістэмы ці іншых рэчаў — ён не будзе самотны. Магчыма, ён будзе мець пляменнікаў, якія будуць чакаць, пакуль ён памрэ, каб паглядзець, што могуць забраць сабе», — сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік распавёў, што падчас наведвання дамоў для састарэлых святароў сустракаў мноства адданых пастыраў, якія, нягледзячы на хваробы і слабасць, не перастаюць цікавіцца жыццём Касцёла, сітуацыяй з пакліканнямі. Перад абліччам самотнасці яны ўсведамляюць, што Езус побач, сказаў Папа і заклікаў памятаць пра такіх пастыраў у малітве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.