Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Мець удзячнасць Пану за ўсё, што Ён робіць для наc
Слова Папы
09.10.2016 22:36

«Шматлікія чужынцы, сярод іх і паслядоўнікі іншых рэлігій, даюць нам прыклад каштоўнасцяў, пра якія мы часам забываемся або ігнаруем», — сказаў Папа Францішак падчас Імшы з нагоды святкавання Марыйнага Юбілею ў рамках Святога Года Міласэрнасці, якая прайшла на плошчы св. Пятра 9 кастрычніка.

У гаміліі Папа спаслаўся на Евангелле гэтай нядзелі, якое расказвае пра сустрэчу Езуса з дзесяццю пракажонымі, якія выздаравелі, але толькі адзін з іх выказаў падзяку: самаранін, значыць чужынец, які жыў на ўскраіне абранага народа, амаль язычнік. «Гэтаму чалавеку было недастаткова тое, што ён быў аздароўлены дзякуючы сваёй веры. Ён робіць, каб гэтае аздараўленне дасягнула сваёй паўнаты. Вяртаецца, каб выказаць сваю падзяку за атрыманы дар, прызнаючы ў Езусе сапраўднага святара, які, падняўшы яго і збавіўшы, можа зрабіць, каб ён вырушыў у дарогу, каб прыняў яго ў групу сваіх вучняў», — адзначыў Папа і дадаў, наколькі важнай з’яўляецца «здольнасць удзячнасці, абажання Пана за ўсё, што Ён робіць для нас».

Святы Айцец указаў на Панну Марыю як прыклад таго, як належыць дзякаваць Богу. «Будзем прасіць Божую Маці, каб дапамагла нам зразумець, што ўсё з'яўляецца дарам ад Бога, каб і мы ўмелі дзякаваць: тады наша радасць будзе поўнай», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што Нааман і самаранін з гэтага чытання Евангелля былі чужынцамі. «Як шмат чужынцаў, а таксама паслядоўнікаў іншых рэлігій, даюць нам прыклад каштоўнасцяў, пра якія мы часам забываемся або ігнаруем. Людзі, якія жывуць побач з намі, магчыма, пагарджаныя і адкінутыя на ўзбочыну, таму што з'яўляюцца чужынцамі, могуць нас навучыць, як ісці па шляху, якога жадае Пан», — заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што і Маці Божая разам са сваім мужам Юзафам спазнала аддаленне ад сваёй зямлі, будучы ў Егіпце. «Трымайма ў сабе гэту простую веру Святой Божай Маці. Будзем прасіць Яе, каб мы заўсёды былі здольнымі вяртацца да Езуса і дзякаваць Яму за шматлікія дабрадзействы Яго міласэрнасці», — завяршыў гамілію Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.