Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Касцёл для ўсіх, і перш за ўсё для грэшнікаў»
Слова Папы
28.09.2016 14:10

«Касцёл не толькі для добрых або тых, хто здаецца добрым ці лічыць сябе такім. Касцёл для ўсіх, і перш за ўсё для грэшнікаў, таму што Касцёл — гэта міласэрнасць», — сказаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 верасня.

У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне аб прабачэнні Езусам «добрага злачынцы» на крыжы (Лк 23, 39-43).

Святы Айцец нагадаў, што Езус быў укрыжаваны разам з двума злачынцамі, адзін з якіх насміхаўся над Ім, не разумеючы, што Божае прабачэнне даступна ўсім. «Паміраючы на крыжы, нявінны сярод двух злачынцаў, Ён пацвярджае, што Божае збаўленне можа дасягнуць кожнага чалавека, незалежна ад яго сітуацыі, нават самай кепскай і балючай. Божае збаўленне для ўсіх. Ніхто з яго не выключаны. Яно падорана ўсім. Таму Юбілей з’яўляецца часам ласкі і міласэрнасці для ўсіх: добрых і злых, здаровых і пакутуючых», — сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуўся да церпячых па розных прычынах людзей, каб адкрыліся на Божае прабачэнне і з шчырым сэрцам прынялі яго.

«Усім прыкутым да шпітальных ложкаў, зачыненым у турмах, тым, хто патрапіў у пастку войнаў, я кажу: паглядзіце на Укрыжаванне! Езус з вамі, Ён застаецца з вамі на крыжы і дорыць сябе ўсім, як Збаўца. Ён суправаджае ўсіх нас і вас, якія шмат пакутуеце. Ён укрыжаваны за ўсіх. Дазвольце, каб сіла Евангелля прасякнула ваша сэрца і суцешыла вас, каб дала вам надзею і ўнутраную ўпэўненасць у тым, што ніхто не выключаны з прабачэння», — падкрэсліў Папа Францішак.

Спасылаючыся на прыклад іншага злачынцы, укрыжаванага разам з Хрыстом, Пантыфік заўважыў, што ён паверыў ва ўсемагутнасць Бога і Яго бясконцую дабрыню і таму стаў «сведкам ласкі».

«Вера гэтага чалавека – гэта плён ласкі Хрыста: яго вочы сузіраюць ва Укрыжаваным любоў Бога да яго, беднага грэшніка. Сапраўды, ён быў злодзеем: гэта праўда. Ён краў усё жыццё. Але напрыканцы пакаяўся з таго, што рабіў, і, гледзячы на Езуса, такога добрага і міласэрнага, здолеў “скрасці” для сябе Неба: малайчына гэты злодзей!» — сказаў Папа.

Каментуючы яго просьбу «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42), Пантыфік адзначыў, што такі давер да Бога з’яўляецца прыкладам для кожнага верніка.

«Гэты чалавек просіць Езуса ўзгадаць пра яго. Колькі пяшчоты ў гэтых словах, колькі чалавечнасці! Гэта патрэба чалавека ў тым, каб не быць пакінутым, каб Бог быў заўсёды блізка. Такім чынам, асуджаны на смерць становіцца прыкладам хрысціяна, які давярае сябе Езусу. Гэта глыбока: асуджаны на смерць з’яўляецца прыкладам для нас (...). Але таксама і прыкладам Касцёла, які ў літургіі шматразова звяртаецца да Пана, кажучы: “Памятай... памятай... памятай аб сваёй любові...”», — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што абяцанне Езуса «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 43) азначае спаўненне Яго галоўнай місіі: збаўлення грэшнікаў. «Ад пачатку да самага канца Ён выяўляў сябе як Міласэрнасць, адкрываў сябе ў якасці канчатковага і апошняга ўцелаўлення любові Айца. Сапраўды, Езус з’яўляецца абліччам міласэрнасці Айца», — сказаў Папа Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.