Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Касцёлу нельга адводзіць позірк ад шматлікіх формаў беднасці
Слова Папы
03.09.2016 17:34

Хрысціянін не можа абыякава праходзіць побач з патрабуючым дапамогі і думаць, што яго сумленне ў парадку, толькі таму, што ён памаліўся ці схадзіў на Імшу ў нядзелю, адзначыў Папа на спецыяльнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 верасня з нагоды Юбілею работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый.

Спасылаючыся на словы з гімну любові апостала Паўла (1Кар 13, 1-13), якія назваў «самымі прыгожымі і патрабуючымі старонкамі для сведчання нашай веры», Пантыфік падкрэсліў, што «ў нашым жыцці і гісторыі свету заўсёды будзе дастаткова Божай любові», і «чым больш дазваляем гэтай любові ахапіць нас, тым больш перараджаецца наша жыццё».

«Любоў, пра якую кажа апостал, гэта не штосьці абстрактнае і шырокае, а наадварот — гэта любоў бачная, да якой можна дакрануцца і якую можа адчуць асабіста. Самая вялікая форма гэтай любові — гэта Езус. Уся Яго асоба і ўсё Яго жыццё — гэта не што іншае, як канкрэтнае праяўленне любові Айца, аж да дасягнення кульмінацыйнага моманту: “Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі” (Рым 5, 8). З Кальварыі, дзе пакуты Божага Сына дасягнулі сваёй самай высокай кропкі, б’е ключом крыніца любові, якая змывае ўсе грахі і ўсё ператварае ў новае жыццё», — сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў заўсёды памятаць пра бясконцую і дзейсную любоў Хрыста. «Любоў, такім чынам — гэта найвышэйшы выраз усяго жыцця, і яна дазваляе нам існаваць!» — падкрэсліў Пантыфік.

«Касцёл ніколі не можа дазволіць сабе паступаць, як святар і левіт у адносінах да чалавека, пакінутага ледзь жывым пасярод дарогі (пар. Лк 10, 25-36). Не можа адводзіць позірк ці адварочвацца ў іншы бок, каб не бачыць шматлікіх формаў беднасці, патрабуючых міласэрнасці. Адварочвацца ў іншы бок, каб не бачыць голаду, хваробаў, людзей, якія падвяргаюцца эксплуатацыі, — гэта цяжкі грэх! Гэта грэх сучасны, грэх сённяшняга дня! Мы, хрысціяне, не можам дазволіць сабе гэтага! Нягожа ні Касцёлу, ні хрысціяніну “праходзіць побач” і меркаваць, што сумленне ў парадку, толькі таму, што памаліліся, ці таму, што схадзілі на Імшу ў нядзелю!» — адзначыў Папа.

Кальварыя, па словах Пантыфіка, заўсёды актуальная — яна нікуды не знікла і «не з’яўляецца толькі цудоўнай выявай у нашых касцёлах». Гэтая вяршыня спачування, з якой выліваецца Божая любоў да чалавечай убогасці, прамаўляе таксама і ў нашы дні і падштурхоўвае даваць заўсёды новыя знакі міласэрнасці, падкрэсліў Святы Айцец.

«Я ніколі не стамлюся паўтараць, што Божая міласэрнасць — гэта не прыгожая ідэя, але канкрэтная дзейнасць. Няма міласэрнасці без канкрэтнасці. Міласэрнасць — гэта не чыненне дабра мімаходам. Гэта пагружэнне туды, дзе ёсць боль, хвароба, голад, выкарыстанне людзей. Таксама і чалавечая міласэрнасць не стане міласэрнасцю, пакуль не дасягне сваёй канкрэтнасці ў штодзённых учынках. Папярэджанне апостала Яна заўсёды будзе каштоўным: “Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю”. Праўда міласэрнасці, на самой справе, выяўляецца ў нашых штодзённых жэстах, якія робяць відавочнай дзейнасць Бога сярод нас», — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, «свет мае патрэбу ў канкрэтных жэстах салідарнасці, асабліва перад абліччам спакусы абыякавасці, а таксама патрабуе людзей, здольных сваім жыццём супрацьстаяць індывідуалізму, засяроджанасці на саміх сабе і абыякавасці да патрабуючых братоў».

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што 4 верасня адбудзецца кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты. «Яе сведчанне міласэрнасці нашых часоў дадаецца да незлічонага шэрагу мужчын і жанчын, якія дзякуючы сваёй святасці зрабілі відавочнай любоў Хрыста. Будзем таксама і мы наследаваць іх прыклад і папросім быць пакорнымі прыладамі ў руках Бога, каб аблягчаць пакуты свету і дарыць радасць і надзею ўваскрасення», — заклікаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.