Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Святы Дух вучыць нас, што трэба любіць, як любіць Бог
Слова Папы
15.05.2016 17:46

Пра важнасць Святога Духа ў жыцці Касцёла і кожнага хрысціяніна гаварыў Папа Францішак 15 мая падчас сустрэчы з вернікамі на апошняй у гэтым годзе малітве «Regina Cаeli».

«Сёння мы адзначаем вялікае свята Пяцідзясятніцы, якое завяршае пасхальны перыяд пяцідзесяці дзён пасля Уваскрасення Хрыста. Літургія заклікае нас адкрыць нашы розумы і сэрцы на дар Святога Духа, якога Езус абяцаў некалькі разоў сваім вучням, першы і галоўны дар, які Ён нам даў сваім Уваскрасеннем і Унебаўшэсцем. Гэты дар сам Езус выпрасіў у Айца, аб чым сведчыць сённяшняе Евангелле, якое гаворыць аб Апошняй Вячэры. Езус кажа сваім вучням: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі” (Ян 14, 15-16).

Гэтыя словы нагадваюць нам, перш за ўсё, што любоў да чалавека, а таксама да Пана, выяўляецца не словамі, а справамі; а “захоўванне запаведзяў” таксама трэба разумець ў экзістэнцыйным сэнсе, такім чынам, што ўсё Яго жыццё было ў гэта ўнесена. Сапраўды, быць хрысціянінам не значыць, галоўным чынам, належаць да пэўнай культуры або прытрымлівацца пэўнага вучэння, але хутчэй звязваць сваё жыццё, ва ўсіх яго аспектах, з асобай Езуса і, праз Яго, з Айцом. З гэтай мэтай Езус абяцаў спасланне Святога Духа на сваіх вучняў. Дзякуючы Святому Духу, Любові, якая аб'ядноўвае Айца і Сына і да іх вядзе, мы ўсе можам жыць жыццём Езуса. Святы Дух, на самой справе, вучыць нас усяму, а менавіта, што ўсё адзінае, што трэба любіць, як любіць Бог.

У абяцанні Святога Духа Езус называе Яго “іншым Суцяшыцелем” (Ян 14, 16), што азначае Адвакатам, Заступнікам, гэта значыць Тым, хто дапамагае нам, абараняе нас, стаіць на нашым баку на шляху жыцця і ў барацьбе за дабро супраць зла. Езус кажа “іншы Суцяшыцель” таму, што, па-першае, Ён сам ім з'яўляецца, бо прыняў цела менавіта каб узяць на сябе наш чалавечы стан і вызваліць нас з няволі граху.

Акрамя таго, Святы Дух ажыццяўляе функцыю “навучання і памяці”. Навучання і памяці. Пра гэта сказаў Езус: “А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ян 14, 26). Святы Дух не прыносіць іншае навучанне, але робіць жывым і дзейсным навучанне Езуса, таму што час, які праходзіць, не знішчае яго і не аслабляе. Святы Дух прышчапляе гэта вучэнне ў нашае сэрца, дапамагае нам засвойваць яго, робячы яго часткай нас, целам нашага цела. А ў той жа час падрыхтоўвае нашае сэрца да таго, каб яно было здольным сапраўды ўспрыняць словы і прыклады Пана. Кожны раз, калі слова Езуса сустракаецца з радасцю ў нашых сэрцах, - гэта праца Святога Духа.

Зараз памолімся разам малітвай “Regina Caeli” - апошні раз у гэтым годзе, - просячы мацярынскага заступніцтва Панны Марыі. Няхай Яна выпрасіць нам ласку, каб нас моцна любіў Святы Дух, каб сведчыць пра Хрыста з евангельскай шчырасцю і адкрываць сябе ўсё больш да паўнаты Яго любові», - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Папа Францішак папрасіў усіх не забывацца маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.