Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: наша ўваскрасенне пачынаецца, калі мы вырашаем прыняць наказ Езуса выйсці да жыцця
Слова Папы
07.04.2014 11:38

“Наша ўваскрасенне пачынаецца тады, калі мы вырашаем прыняць гэты наказ Езуса выйсці на свет, да жыцця, вызваліцца ад нашых масак, якімі маскіруем грахі”, - адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 6 красавіка на плошчы св. Пятра. Асновай для разважанняў Пантыфіка стала Евангелле аб уваскрашэнні Лазара.

“Евангелле гэтай пятай нядзелі Вялікага посту апавядае нам пра ўваскрашэнне Лазара. Гэта “кульмінацыя” цудоўных знакаў, здзейсненых Езусам: жэст вельмі значны, боскі настолькі, што нават першасвятары павінны былі яго прызнаць, але, даведаўшыся пра яго, прынялі рашэнне забіць Езуса (пар. Ян 11, 53), - адзначыў Папа.

Лазар быў мёртвы ўжо на працягу трох дзён, калі Езус прыйшоў. І сёстрам Марце і Марыі Ён кажа словы, якія назаўжды захаваюцца ў памяці хрысціянскай супольнасці: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25). Згодна са словамі Пана мы памятаем, што жыццё тых, хто верыць у Езуса і прытрымлівацца Яго запаведзяў, пасля смерці будзе ператворана ў новае жыццё, поўнае і несмяротнае. Як Езус уваскрос са сваім целам, але не вярнуўся ў зямное жыццё, так і мы ўваскрэснем з нашымі целамі, якія будуць ператвораны ў целы праслаўленыя. Ён чакае нас з Айцом, і ў сіле Духа Святога, які ўваскрасіў Яго і ўваскрэсіць тых, хто адзіны з Ім.

Перад запячатанай магілай свайго сябра Лазара Езус “крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі”. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю” (Ян 11, 43-44). Гэты крык звернуты да ўсіх людзей, таму што мы ўсе адзначаны смерцю, усе мы. Гэта голас Таго, хто з’яўляецца гаспадаром жыцця і хоча, каб усе “мелі яго ў поўні” (Ян 10, 10). Хрыстус не пагаджаецца на нашы магілы, якія мы пабудавалі нашым выбарам на карысць зла і смерці, нашымі памылкамі, нашымі грахамі. Ён не змірыўся з гэтым! Ён запрашае нас, і нават забавязвае, выйсці з грабніцы, у якой нас замкнулі нашы грахі. Ён настойліва заклікае нас выйсці з цемры турмы, у якой мы сябе замкнулі, задавольваючыся жыццём хлуслівым, эгаістычным, пасрэдным. “Выйдзі, - гаворыць Ён, - выходзь”. І гэта цудоўнае запрашэнне да сапраўднай свабоды, да разумення словаў, якія Езус кажа кожнаму з нас сёння. Запрашэнне да вызвалення ад “палатна” ганарыстасці. Паколькі менавіта ганарыстасць робіць нас рабамі, рабамі сябе, рабамі шматлікіх ідалаў, многіх рэчаў. Наша ўваскрасенне пачынаецца тады, калі мы вырашаем прыняць гэты наказ Езуса выйсці на свет, да жыцця, вызваліцца ад нашых масак, якімі маскіруем грахі. Маскі павінны ўпасці! Мы павінны мець мужнасць вярнуць наша праўдзівае аблічча, створанае на вобраз і падабенства Бога.

Жэст Езуса, якім уваскрашае Лазара, дэманструе, як далёка можа завесці сіла Божай ласкі і як далёка павінны сягаць наша навяртанне і змена. Няма мяжы для Божай міласэрнасці адносна кожнага! Добра запомніце гэта! Пан заўсёды гатовы падняць надмагільную пліту нашых грахоў, якая аддзяляе нас ад Яго, які з'яўляецца святлом жывых”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.